Дар'я Домрачава заняла сёмае месца ў гонцы пераследу
- 8.03.2015, 20:06
Францужанка Мары Дарэн-Абэр стала пераможцай гонкі пераследу на чэмпіянаце свету ў біятлоне ў фінскім Кантыялахці.
Такім чынам французская спартоўка зрабіў залаты дубль - напярэдадні яна перамагла і ў спрынтэрскай гонцы, піша БелаПАН.
Дзесяцікіламэтровую дыстанцыю з чатырма агнявымі межамі Мары Дарэн-Абэр пераадолела за 30 хвілін 7,7 сэк., дапусціўшы тры пудлы (0+0+2+1).
Срэбнай прызёркай стала Лаура Дальмаер з каманды Нямеччыны (стартавала пад 4-м нумарам). Дальмаер дапусціла два пудлы (1+0+0+1) і саступіла лідэрцы 15,3 сэк.
Бронзавы медаль у Веранікі Навакоўскай-Земняк з Польшчы (0+1+2+0; 31,6). Гэта другі медаль польскай біятланісткі. Напярэдадні ў спрынце яна стала сярэбранай прызёркай. З заключнай страляніны польская біятланістка сыходзіла чацвёртай, але здолела ўзысці на п'едэстал, скарыстаўшыся падзеннем расейкі Кацярыны Шумілавай.
Дар'я Домрачава, якая стартавала пад 25-м нумарам, фінішавала з 7-м вынікам. Домрачава дапусціла два пудлы (0+1+0+1) і саступіла пераможцы гонкі 1 хв 4,5 сэк.
Настасся Дубарэзава, якая мела 11-ы стартавы нумар, заняла 33-е месца. Дубарэзава дапусціла пяць пудлаў (1+1+2+1) і саступіла лідэрцы 3 хв 50,5 сэк.
Надзея Пісарава стартавала 50-й і на гэтай жа пазіцыі фінішавала. Пісарава вымушана была прабегчы 8 штрафных колаў (2+1+3+2) і ў выніку адстала ад лідэркі на 6 хв 23,1 сэк.
Наступная гонка на чэмпіянаце свету адбудзецца ў сераду, 11 сакавіка - індывідуальная гонка на 15 км у жанчын.
Фота: AP