BE RU EN

Фабрыка «Маруся» тры месяцы не выплачвае заробак

  • 7.03.2015, 16:07

Прадпрыемства абяцала добры заробак, але абяцанні выявіліся пустымі.

Пра гэта распавяла працаўніца швейнай фабрыкі «Маруся», якая звярнулася ў «Нашу нiву».

«За тры месяцы маёй працы я атрымала толькі 1,3 мільёна рублёў - частку заробку за першы месяц. І ўсё, - кажа жанчына. - Многія восенню яшчэ не атрымалі ўсе грошы за травень. Калі хтосьці выказваў незадаволенасць такой сітуацыяй, іншыя пыталіся, а як гэта табе будуць плаціць, калі ты абураешся? Маўляў, не трэба псаваць стасункі з начальствам, дык, можа, хоць штосьці заплацяць. Кіраўніцтва «Марусі», у сваю чаргу, адказвала проста: грошай няма».

Праз тры месяцы бясплатнай працы жанчына звольнілася. Але разлічвацца з ёй «Маруся» не збіралася.

Тады былая супрацоўніца пайшла ў суд. Судовыя працаўнікі параілі падпісаць з прадпрыемствам міравое пагадненне, каб хутчэй атрымаць грошы. Цягам двух тыдняў «Маруся» мелася разлічыцца, але яна праігнаравала ўсе тэрміны. Грошы не выплачаныя і дагэтуль. Праз дэвальвацыю яны ўжо і «патаннелі» на траціну.

«Судовая выканаўца Ганна Дудко кажа, што на рахунках кампаніі грошай няма, апісаць маёмасць немагчыма - яна ў закладзе. Але фірма працуе. Як - невядома», - кажа чытачка.

Як высветлілася, кампанія «Маруся» складаецца з некалькіх розных юрыдычных асоб. У дачыненні да аднаго з іх - СТАА «Маруся» - ужо наогул распачатая працэдура банкруцтва.

У 2011-м кіраўніца «Марусі» Марына Падабед заняла пятае месца ў рэйтынгу самых паспяховых бізнэс-лэдзі Беларусі. Цяпер Марына і яе муж Віктар Падабед могуць быць прыцягнутыя да адказнасці праз запазычанасць у крэдытах, якая, паводле розных звестак, складае ад 1 да 2 мільярдаў рублёў.

Многія беларускія прадпрыемствы адчуваюць складанасці з выплатай заробкаў супрацоўнікам. Прынамсі, ужо некалькі месяцаў запар паступаюць паведамленні аб пераводзе прадпрыемстваў на чатырох- і трохдзёнку, аб няпоўных выплатах заробкаў, іх памяншэнні, а таксама аб прымусовым выпраўленні ў адпачынак за свой кошт.

Колькасць беларусаў, якім не выплачваюць або затрымліваюць заробак, расце з пачатку года. Так, на 1 студзеня пратэрмінаваная запазычанасць у заробку была ў 20 прадпрыемстваў перад 3 тысячамі работнікаў на агульную суму Br22,1 млрд, на 1 лютага - у 277 прадпрыемстваў перад 49 тысячамі работнікаў на суму Br171 млрд.

Апошнія навіны