Выбух у Харкаве: паранены камбат «Слабажаншчыны»
- 6.03.2015, 14:25
Пацярпелі 2 чалавекі.
У Харкаве адбыўся чарговы выбух. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы «Фэйсбук» Харкаўскі прадпрымальнік, валанцёр, сузаснавальнік Фонду «Мір і Парадак» Усевалад Кажамяка.
«Толькі што ў Харкаве, на Салтаўцы ў раёне 24-павярховіка адбыўся выбух. Выбухнуў аўтамабіль. Выбухнуў белы мінівэн фальксваген, але на тэракт гэта не падобна», - напісаў ён.
Інфармацыю аб выбуху пацвярджае і інфармрэсурс IT sector Харкаў.
«На Салтаўцы ля 24-павярховіка прагучаў выбух. Пацярпеў чалавек у камуфляжы. Пацярпелага ў выніку выбуху даставілі ў лякарню», - гаворыцца ў паведамленні.
Aўтамабіль належаў камандзіру батальёна патрульнай службы міліцыі «Слабажаншчыны» Андрэю Янгаленку. Ягоны брат Сяргей распавёў «Інтэрфакс-Украіне» падрабязнасці выбуху.
«Гэта адбылося на Салтаўцы (жылы масіў на паўночным усходзе Харкава) каля 24-павярховіка. Андрэй і жонка ў 4-й лякарні хуткай дапамогі», - распавёў ён.
Сяргей Янгаленка не змог сказаць, наколькі цяжкі стан абодвух пацярпелых.