BE RU EN

Кабякоў уважае расейскія тавары за «айчынныя»

  • 5.03.2015, 16:44

Паняцце айчыннага тавару павінна быць роўна дастасавальнае да беларускага і расейскага тавару на тэрыторыі абедзвюх краін, заявіў прэм'ер-міністр.

Пра гэта прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў сёння падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, каментуючы падпісаны 3 сакавіка ў Маскве прэм'ер-міністрамі Беларусі і Расеі супольны міжурадавы антыкрызісны план, паведамляе карэспандэнт БелТА.

Асноўная сутнасць антыкрызіснага плана, са слоў Андрэя Кабякова, у тым, каб вызначэнне «айчынны тавар» мела аднолькавае значэнне ў дачыненні да тавараў беларускай і расейскай вытворчасці на тэрыторыі абедзвюх краін, каб тавар, выраблены ў Расеі і Беларусі і адпаведны вызначаным патрабаванням, уважаўся за айчынны і меў роўныя правы і магчымасці ўдзелу ў закупках, тэндэрах, конкурсах.

Антыкрызісны план уключае шэраг мерапрыемстваў для стварэння дадатковых умоў развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Гэтыя мерапрыемствы дазволяць нам ліквідаваць узаемныя абмежаванні і пашырыць допуск прадукцыі абедзвюх краін на рынкі адзін аднаго. Асноўная цікавасць беларускага боку палягае ў тым, што рынак Расейскай Федэрацыі несувымерна большы. Але і расейскія партнёры хочуць працаваць на беларускім рынку», - адзначыў прэм'ер-міністр .

Таксама ў комплексе захадаў пазначаныя моманты, звязаныя з рэалізацыяй дзяржаўных праграм стымулявання, субсідавання продажаў, пакупак айчынных тавараў. «Гаворка ідзе пра тое, каб пастановы і патрабаванні, якія бакі прынялі для больш спрыяльных умоў для сваіх удзельнікаў, распаўсюдзіць і на вырабленыя ў Беларусі і Расеі тавары на ўзаемнай аснове», - растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Тэма аб павелічэнні разлікаў ва ўзаемным гандлі ў нацыянальных валютах, якая абмяркоўваецца, таксама знайшла адлюстраванне ў дакуменце. Паводле слоў прэм'ер-міністра, антыкрызісны план накіраваны на тое, каб аб'ёмы ўзаемнага гандлю, якія апошнім часам некалькі зменшыліся, аднавілі свой рост. Выкананне большасці канкрэтных пунктаў павінна адбыцца цягам гэтага паўгоддзя.

Апошнія навіны