BE RU EN

Гары Каспараў: Свет павінен пазбавіцца ад Пуціна, як ад ракавай пухліны

  • 5.03.2015, 12:38

Сусветнай супольнасці неабходна прадоўжыць ізаляцыю прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і падтрымаць Украіну пастаўкамі зброі.

Расейскі апазіцыянер Гары Каспараў, выступаючы ў сераду, 4 сакавіка, на слуханнях у Сенаце ЗША, заклікаў сусветную супольнасць прадоўжыць ізаляцыю прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і падтрымаць Украіну пастаўкамі зброі, паведамляе Deutsche Welle.

"Немагчыма дамаўляцца з ракавай пухлінай, - цытуе экс-чэмпіёна свету ў шахматах агенцтва AFP. - Як і ракавая пухліна, Уладзімір Пуцін і ягоныя эліты павінны быць выразаныя". Са слоў апазіцыянера, неабходна прымусіць расейскіх алігархаў, якія падтрымліваюць Пуціна, адвярнуцца ад яго пад пагрозай таго, што інакш яны самі апынуцца па-за гульнёй.

Каспараў таксама ўсклаў на Пуціна адказнасць за забойства апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова. "Барыс Нямцоў быў забіты, таму што гэта магло здарыцца. Пуцін і ягоныя эліты мяркуюць, што пасля 15 гадоў ва ўладзе для іх няма нічога немагчымага, няма такой чырвонай рысы, якую яны не могуць перасекчы", - заявіў ён.

Тэма сенацкіх слуханняў была афіцыйна пазначаная як "расейская агрэсія ва Усходняй Еўропе". Гаворка ішла як пра супрацьстаянне ўкраінскага войска і прарасейскіх сепаратыстаў на ўсходзе Украіны, так і пра напружаную сітуацыю ў Малдове і Грузіі. У якасці госця ў слуханнях браў удзел экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.

Фота: Anadolu Agency/Getty Images

Апошнія навіны