Лію Ахеджакаву ўзнагародзяць прэміяй «Ніка» за гонар і годнасць
- 4.03.2015, 14:56
Цырымонія ўручэння адбудзецца ў апошні дзень сакавіка.
Расейская актрыса Лія Ахеджакава атрымае расейскую нацыянальную кінематаграфічную прэмію «Ніка» ў намінацыі «За гонар і годнасць», паведамляе РІА «Новости». Пра гэта арганізатары прэміі заявілі на прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў аўторак.
Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца 31 сакавіка ў зале расейскага дзяржаўнага тэатра фальклору «Руская песня». Пра тое, што Ахеджакава будзе ўзнагароджаная, паведаміў прэзідэнт кінаакадэміі «Ніка» рэжысёр Андрэй Канчалоўскі.
Прэмія ўручаецца з 1988 года. Пераможцы атрымліваюць статуэткі крылатай багіні перамогі (скульптар - Сяргей Мікульскі). Заснавальнік і мастацкі кіраўнік «Нікі» - рэжысёр Юлій Гусман. Прэзідэнт кінаакадэміі «Ніка» - рэжысёр Андрэй Канчалоўскі. У 2014 годзе ў намінацыі «За гонар і годнасць» быў узнагароджаны Уладзімір Зельдзін.
Расейская актрыса Лія Ахеджакава выказала сваю пазіцыю з нагоды падзеяў, якія адбываюцца ва Украіне, падтрымліваючы «Еўрамайдан» і пратэстуючы супраць уварвання расейскіх войскаў у Крым і Данбас.