BE RU EN

Расейскім школьнікам прапанавалі адпачываць у лагерах КНДР

  • 31.03.2015, 20:33

Генконсул КНДР у Находцы Ім Чхон Ір прапанаваў адпраўляць якуцкіх школьнікаў на адпачынак у піянерскія лагеры сваёй краіны.

Пра гэта дыпламат заявіў на сустрэчы з міністрам федэрацыйных стасункаў і замежных сувязяў Якуціі Уладзімірам Васільевым, паведамляе Znak са спасылкай на сайт урада Якуціі.

Падчас гутаркі былі вылучаныя прыярытэтныя кірункі ў развіцці дзвюхстаронніх стасункаў, акрамя павелічэння таварнага абарачэння і супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, адным з іх было вызначанае развіццё турызму і дзіцячага адпачынку.

«Генеральны консул пазначыў важнасць культурных і гуманітарных сувязяў і падзякаваў за падтрымку ўдзелу каманды КНДР у Міжнародных спартовых гульнях «Дзеці Азіі». Таксама Ім выступіў з прапановай арганізацыі адпачынку якуцкіх школьнікаў у піянерскіх лагерах КНДР», - гаворыцца ў паведамленні ўрада рэспублікі.

«Расейска-карэйскія сяброўскія дачыненні заўсёды былі традыцыйнымі. А цяпер палітычныя стасункі паміж нашымі краінамі развіваюцца як ніколі плённа. Мы ставім за сваю мэту актывізацыю эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва з суб'ектамі Далёкага Усходу Расеі», - адзначыў консул.

Апошнія навіны