BE RU EN

Сяргей Румас узначаліў Федэрацыю футбола

  • 31.03.2015, 19:00

Старшыня ўправы ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» Сяргей Румас пераабраны на пасаду старшыні асацыяцыі на другі чатырохгадовы тэрмін.

За ягоную кандыдатуру аднагалосна прагаласавалі ўдзельнікі сённяшняй справаздачна-выбарчай канферэнцыі АБФФ, якая адбылася ў менскім Доме футбола, перадае БелТА.

Сяргей Румас упершыню ўзначаліў футбольную федэрацыю ў красавіку 2011 года. На ягоную думку, за мінулыя гады галоўным поспехам беларускага футбола стала трэцяе месца моладзевай нацыянальнай каманды на кантынентальным першынстве - 2011, якое дазволіла беларускім футбалістам упершыню ў гісторыі выступіць на Алімпійскіх гульнях. На жаль, нацыянальнай камандзе Беларусі пакуль няма чым пахваліцца, але новы трэнерскі штаб на чале з Аляксандрам Хацкевічам мае намер выправіць становішча. Кіраўнік федэрацыі футбола адзначыў, што УЕФА ацаніла поспехі АБФФ у плане развіцця масавага футбола, надаўшы сярэбраны ўзровень.

Падчас канферэнцыі яе ўдзельнікі абмеркавалі справаздачу выканкама АБФФ аб праведзенай дзейнасці і ацанілі яе здавальняльна.

Сяргей Румас мяркуе, што беларускі футбол павінен і можа ўдасканальвацца, што дасць магчымасць выйсці на больш якасны ўзровень. Прыярытэтнымі задачамі кіраўніцтва АБФФ на бліжэйшую будучыню стане развіццё дзіцяча-юнацкага футбола з залучэннем да заняткаў не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчатак. На думку Сяргея Румаса, адным з важных чыннікаў папулярызацыі "гульні нумар адзін" сярод прадстаўніц прыгожага роду будзе правядзенне ў Беларусі фінальнага этапу чэмпіянату Еўропы-2016 сярод дзяўчат да 17 гадоў.

Яшчэ адным прыярытэтам з'яўляецца развіццё нацыянальнага чэмпіянату і падвышэнне наведвальнасці матчаў: сярэдняя наведвальнасць гульняў камандаў вышэйшай лігі ўжо найбліжэйшым часам павінна павялічыцца як мінімум на 50%. Старшыня АБФФ падкрэсліў, што механічнае скарачэнне колькасці камандаў не дае прыкметнага росту майстэрства, аб чым сведчаць статыстычныя звесткі апошніх гадоў. Таму правядзенне чэмпіянату краіны ў вышэйшай лізе з 16 камандамі па-ранейшаму застаецца мэтавай задачай.

Апошнія навіны