BE RU EN

Старшыня Уздзенскага райвыканкама затрыманы за хабар

  • 30.03.2015, 16:20

Праваахоўнікі затрымалі старшыню Уздзенскага райвыканкама пры атрыманні хабару.

Пра гэта паведамілі БелТА ў Следчым камітэце Беларусі.

"Старшыня Уздзенскага райвыканкама затрыманы. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа, якую расследуе Управа Следчага камітэта Менску", - распавялі ў ведамстве. Справа распачатая таксама ў дачыненні да дырэктара ААТ "Уздзенскі аграсэрвіс". Дзеянні кіраўніка выканкама і дырэктара прадпрыемства кваліфікаваныя паводле ч.3 арт.430 КК (атрыманне хабару ў буйным памеры, якія займаюць адказнае становішча).

"Службовыя асобы былі затрыманыя супрацоўнікамі ўправы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Менгарвыканкама ў момант атрымання хабару ў памеры 8 тысяч еўра ад прадстаўнікоў вядомага замежнага вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі за арганізацыю ўкладання кантракту і перамогу ў тэндэры", - растлумачылі ў Следчым камітэце. Разам са службовымі асобамі затрыманыя і хабарадавальнікі. Дзеянні апошніх кваліфікаваныя паводле ч.2 арт.431 (дача хабару ў буйным памеры).

У дачыненні да ўсіх падазраваных ужыты захад стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Цяпер з імі працуюць следчыя.

Апошнія навіны