Францыя просіць ФБР дапамагчы расследаваць катастрофу Airbus
- 26.03.2015, 21:09
Улады Францыі звярнуліся да ФБР па дапамогу ў расследаванні катастрофы авіялайнера А320.
Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на тэлекампанію CNN.
Паводле яе звестак, французскія ўлады папрасілі амерыканскую ўстанову надаць асаблівую ўвагу асобе другога пілота, 28-гадовага грамадзяніна Нямеччыны Андрэаса Любітца, наўмысныя дзеянні якога, паводле звестак следчых, прычыніліся да катастрофы.
Раней CNN паведамляла, што агенты ФБР у Францыі, ФРГ ды Гішпаніі ўжо прыступілі да вывучэння выведвальных звестак, якія могуць дапамагчы ў расследаванні трагедыі, і праверцы інфармацыі аб пасажырах лайнера.
Раней пракуратура Францыі заявіла, што другі пілот разбітага ў Альпах A320 авіякампаніі Germanwings хацеў знішчыць самалёт: запісы бартавога самапісца паказваюць, што ён кантраляваў зніжэнне да моманту, пакуль лайнер рэзнуўся ў гару.
Адзін з двух пілотаў перад аварыяй апынуўся за межамі кабіны і не змог вярнуцца назад. Паводле звестак, атрыманых з "чорнай скрыні", пілот адчайна спрабаваў вярнуцца да штурвала, аднак дзверы былі замкнёныя.
Фота: AP