BE RU EN

«Беллегпрам» не хоча быць вінаватым

  • 24.03.2015, 20:16

Канцэрн запрашае індывідуальных прадпрымальнікаў за круглы стол, які павінен адбыцца 27 сакавіка.

Пра гэта паведаміў сёння журналістам старшыня канцэрна Мікалай Яфімчык пасля цырымоніі адкрыцця XXXVI Міжнароднай выставы-кірмашу "БелТЭКСлегпрам. Вясна", паведамляе БелТА.

"Мы запрашаем індывідуальных прадпрымальнікаў за круглы стол, хацелі б правесці нармальны дыялог. Тут павінна быць пазіцыя ўзаемнай павагі і разумення, што ў кожнага свой бізнэс", - адзначыў Мікалай Яфімчык. На ягоную думку, дзейнасць усіх удзельнікаў рынку павінна быць празрыстай, ні ў каго з іх не павінна быць асаблівых пераваг. "Усе павінны быць у роўных варунках, і я думаю, што мы знойдзем агульную мову, калі людзі будуць хацець гэта зрабіць", - падкрэсліў старшыня канцэрна.

Мікалай Яфімчык канстатаваў, што шмат якія прадпрыемцы, асабліва сярэдні і вялікі бізнэс, згодныя з патрэбай рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі толькі тых тавараў лёгкай прамысловасці, якасць якіх адпавядае тэхнічным рэгламэнтам Мытнага саюза і пацверджана дакумэнтальна. "Яны згодныя, бо нельга ўвозіць і прадаваць нашаму народу тое, што не адпавядае разуменню нармальнага тавару", - адзначыў ён.

XXXVI Міжнародная выстава-кірмаш "БелТЭКСлегпрам. Вясна" пройдзе ў Менску 24-26 сакавіка. У праграме мерапрыемства - паказ калекцый адзення справовага стылю для вучняў агульнаадукацыйных устаноў і калекцый дзіцячага адзення для спорту і адпачынку прадпрыемстваў канцэрна "Беллегпрам", рабочая сустрэча прамысловых прадпрыемстваў і гандлёвых арганізацый аб пастаўках і насычэнні ўнутранага рынку таварамі лёгкай прамысловасці айчыннага вырабу, сэмінар на тэму "Аптымізацыя сістэмы забеспячэння. Як рацыянальна выкарыстоўваць схему комплекснага забеспячэння швачных прадпрыемстваў. Праблемы працы з расейскімі пастаўшчыкамі. Асноўны спэктар паслуг для развіцця вытворчасці".

Канцэрн "Беллегпрам" быў утвораны ў 1992 годзе. З'яўляецца аб'яднаннем юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, падпарадкаваным ураду Беларусі. Канцэрн прадстаўляе інтарэсы больш за 100 арганізацый (з колькасцю работнікаў 60 тысяч чалавек) рознай формы ўласнасці. Больш за 80% гэтых арганізацый - прамысловыя прадпрыемствы. Штогод прадпрыемствы канцэрна вырабляюць больш за 15 млн лінейных мэтраў дываноў і дывановых вырабаў, 11 млн пар абутку, больш за 24 млн панчошных і шкарпэткавых вырабаў, амаль 32 млн штук швачных вырабаў.

Апошнія навіны