BE RU EN

Расеец вёз у Беларусь сумку са зброяй

  • 24.03.2015, 14:19

Расеец спрабаваў правезці праз польска-беларускую мяжу сумку з раскамплектаванай зброяй.

Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-групе Гарадзенскай рэгіянальнай мытні.

Аўтобус Neoplan Прага-Менск прыбыў на пункт пропуску «Брузгі» на ўездзе ў Беларусь. Падчас правядзення мытнага кантролю пасажыры аўтобуса былі накіраваныя ў залу мытнага афармлення.

У гэты час у багажным аддзяленні транспартнага сродку была выяўленая спартыўная сумка чорнага колеру, якую ніхто з пасажыраў не прад'явіў да агляду. У ёй пры даглядзе былі знойдзеныя прадметы, схаваныя ад мытнага кантролю і забароненыя да ўвозу на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Гэта была не простая кантрабанда: у сумцы знаходзіліся, як мяркуецца, камплектуючыя для халоднай і агнястрэльнай зброі: штыкі армейскага ўзору, вайсковыя штык-нажы ў ножнах, складаныя прыклады (як мяркуецца, да аўтаматычнай зброі), прыцэльныя мушкі (як мяркуецца, да агнястрэльнай зброі), а таксама металічныя дэталі і часткі механізмаў.

Кіроўца і пасажыры, якія знаходзіліся ў аўтобусе, сваё дачыненне да знойдзенай зброі адмаўлялі. У выніку праведзеных праверачных мерапрыемстваў было выяўлена, што названыя прадметы належаць грамадзяніну Расеі.

Незадэклараваны тавар канфіскаваны. Цяпер аддзелам мытных расследаванняў прызначаны шэраг экспэртыз, праводзяцца праверачныя мерапрыемствы.

Апошнія навіны