BE RU EN

БХД: Ніякіх выбараў, пакуль палітвязні за кратамі

  • 21.03.2015, 19:48

Аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» патрабуе вызваліць беларускіх палітвязняў.

Заява пра гэта была прынятая на пасяджэнні Нацыянальнай рады арганізацыі 21 сакавіка. Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе аргкамітэта для стварэння партыі БХД.

«Беларускія хрысціянскія дэмакраты пачынаюць кампанію вызвалення палітвязняў. Мы ўважаем за адну з першарадных задач на 2015 год - дамагчыся вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў, - гаворыцца ў заяве. - Мы заяўляем, што без вызвалення і поўнага аднаўлення ў правах усіх палітвязняў ніякія выбары ў Беларусі не могуць уважацца за свабодныя і справядлівыя».

У выпадку, калі палітвязні застануцца за кратамі і не будуць адноўленыя ў правах, БХД уважае за немагчымае прызнанне ўсялякіх выбараў свабоднымі і справядлівымі, а «абраную» на іх уладу хрысціянскія дэмакраты будуць уважаць за нелегітымную.

«Для спрыяння больш хуткаму вызваленню з-за кратаў, у выпадку немагчымасці абрання адзінага кандыдата дэмакратычнымі сіламі Беларусі, мы падтрымліваем кампанію вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Статкевіча Мікалая Віктаравіча з адначасовым патрабаваннем вызвалення палітвязняў: Яўгена Васьковіча, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Арцёма Пракапенкі і Юрыя Рубцова. Усе палітвязні павінны быць вызваленыя!» - падкрэсліваюць у БХД.

На пасяджэнні Нацыянальнай рады аргкамітэта была прынятая пастанова, што ўстаноўчы з'езд партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» пройдзе 13 чэрвеня 2015 года. Падчас з'езду плануецца абраць кіраўніцтва стваранай партыі, зацвердзіць яе абноўленую праграму і прыняць пастанову аб дзейнасці БХД падчас кампаніі 2015 года.

Апошнія навіны