BE RU EN

На МАЗе абвешчаныя двухтыднёвыя вакацыі за свой кошт?

  • 20.03.2015, 14:31

Працоўныя страцяць амаль палову заробку.

На мінулым тыдні работнікі аўтобуснай вытворчасці Менскага аўтамабільнага завода працавалі ўсяго тры дні, а з 23 сакавіка павінны будуць сысці на 2 тыдні ў адпачынак за свой кошт. Застаюцца працаваць толькі рамонтныя брыгады, паведамілі praca-by.info працоўныя МАЗа.

- Так і сказалі: з наступнага тыдня і да 6 красавіка на працы можаце не з'яўляцца. Калі не падабаецца - можаце звальняцца, - распавялі сябры прафсаюза РЭП, якія працуюць на МАЗе. - Калі лічыць, што токар зарабляе блізу 7 мільёнаў, то людзі страцяць амаль палову заробка.

Са слоў рабочых, многія абураюцца, але толькі паміж сабой, дзеянняў ніякіх не робяць. Таму што ў цэху працуюць у асноўным людзі перадпенсійнага ўзросту, а з моладзі засталіся толькі іншагароднія. Яны трымаюцца за інтэрнат, тлумачаць рабочыя.

Яны кажуць, што завод са студзеня не атрымліваў ніякіх замоваў на аўтобусную тэхніку, такая ж сітуацыя і з грузавой.

- З грузавікамі ўжо больш за год такая сітуацыя. 50 машын у квартал - гэта мяжа. Раней, калі ўсё было добра, у нас за змену збіралі 90 аўтамабіляў, а за дзве змены даходзіла і да 130. А цяпер - нічога. Людзі прыходзяць на працу і сядзяць, працы няма. Ужо з 2013 года грузавая вытворчасць трымалася ў асноўным за кошт аўтобуснай. Таму што аўтобусная тэхніка тады ўсё ж прадавалася, на Алімпіяду ў Сочы, іншыя расейскія рэгіёны бралі, сярэднеазіяцкія рэгіёны таксама нядрэнна бралі. А цяпер - нічога. З лістапада-снежня мінулага года - зусім глуха. Працуе толькі першая змена. Калі выпадае другая - пішам АА (адміністрацыйны адпачынак), то бок, за свой кошт, - распавялі рабочыя. - Наш цэх за апошнія паўгода скараціўся з 400 да 70 чалавек. А наогул на заводзе цяпер засталося блізу 5000, тады як паўтара гады таму было семнаццаць тысяч работнікаў.

Praca-by.info не ўдалося атрымаць афіцыйны каментар у адміністрацыі МАЗа - ні ў прыёмнай, ні ў аддзеле кадраў тэлефоны не адказвалі. Супрацоўніца аддзела продажаў сказала, што па пятніцах вытворчасць не працуе. Што тычыцца планаваных вакацый, яна не пацвердзіла, але і не зняпраўдзіла інфармацыю.

Нагадаем, апошнім часам многія прадпрыемствы пераводзяцца на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы аб адпачынку за свой кошт. Так, толькі за пачатак сакавіка ў рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Менскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» і іншыя.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны