BE RU EN

Падатак на пазыкі прыйдзецца плаціць, нават калі пазыка ўзятая некалькі гадоў таму

  • 20.03.2015, 8:04

Плаціць прыйдзецца ўжо паводле падвышанай стаўкі падаходнага падатку - у памеры 13%.

Бюджэт Беларусі за студзень-люты атрымаў 3 мільярды рублёў у выглядзе падаходнага падатку, які заплацілі грамадзяне, што ўзялі пазыкі на дарагія пакупкі. Такую статыстыку агучылі у Міністэрстве падаткаў і збораў, піша tut.by.

"За два месяцы працы больш за 3 мільярды падаходнага падатку дададзена на падставе пазык. Гэта больш за 160 чалавек", - распавёў начальнік галоўнай управы падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства падаткаў і збораў Міхаіл Расолька.

З'яўленне новага падатку ў міністэрстве тлумачаць тым, што беларусы часта паказвалі ў якасці крыніцы даходу грошы, якія яны пазычылі.

"Практыка працы падатковых органаў апошніх гадоў паказала, што грамадзяне, у дачыненні да якіх праводзіўся папярэдні аналіз на падставе запатрабаваных дэкларацый аб даходах і маёмасці, але якія не мелі даходаў, аднак набывалі дарагую маёмасць, як правіла, у якасці крыніцы даходаў паказвалі пазыковыя сродкі. Чалавек нідзе не працаваў, пры гэтым атрымліваў пазыковыя сродкі не толькі ў грамадзян Беларусі, але і ў замежных грамадзян, а вярнуць гэтыя грошы яму не было чым. У нас ўзнікалі пытанні, калі замежныя грамадзяне давалі пазыкі на працяглыя тэрміны - 10 ці 15 гадоў", - расказаў Міхаіл Расолька.

Пры гэтым беларусы паказвалі ў дэкларацыях экзатычныя краіны, з якіх атрымалі пазыкі. "У некаторых выпадках і не праверыш інфармацыю. Да прыкладу, паказвалі Новую Зеландыю. Прычым у многіх выпадках гэтыя пазыкі не пацвярджаліся, яны былі фіктыўнымі. Але на ўсё гэта сыходзіла вельмі шмат часу, таму ў якасці захадаў уздзеяння была прынятая такая пастанова", - адзначылі ў МПЗ.

Плаціць так званы падатак на пазыкі трэба тым, з каго ў гэтым годзе запатрабавалі дэкларацыю аб даходах і выдатках. Але, са слоў Міхаіла Расолькі, пад падаткаабкладанне трапяць і тыя пазыкі, якія былі зробленыя і летась, і пазалетась. Дарэчы, плаціць падатак прыйдзецца ўжо паводле падвышанай стаўкі падаходнага падатку - у памеры 13 адсоткаў. Як толькі чалавек разлічыцца з пазыкамі, выплачаны падатак яму вернуць.

Апошнія навіны