BE RU EN

«Коммерсант»: Камеры на месцы забойства Нямцова былі выключаныя

  • 2.03.2015, 10:22

Камеры назірання на месцы забойства Барыса Нямцова маглі быць адключаныя на рамонтныя работы.

Пра гэта сцвярджае газета «Коммерсант».

Выданне падкрэслівае, што знайсці аўтамабіль, на якім схаваўся з месца злачынства забойца Барыса Нямцова, па «гарачых слядах» не атрымалася ў тым ліку таму, што сведка забойства не змагла назваць ягоную марку.

Першапачаткова ў вышук былі абвешчаныя некалькі аўтамабіляў белага колеру розных марак. Усе іх выявілі і высветлілі, што машыны ніякага дачынення да злачынства не маюць. У нядзелю, 1 сакавіка, ДІБДР правярала ў асноўным машыны чырвонага колеру, піша газета.

Падчас даследавання гільзаў, пакінутых на месцы забойства Барыса Нямцова ў Маскве, следства высветліла, што чатыры з выпушчаных у палітыка куль былі зробленыя ў 1986 годзе на Юрузанскім механічным заводзе. Яшчэ дзве кулі - вытворчасці Тульскага патроннага завода - былі вырабленыя ў 1992 годзе, піша «Медуза».

Выкарыстанне старых патронаў можа казаць аб тым, што ў злачынцаў не было доступу да вялікай колькасці боепрыпасаў. Выкарыстанне патронаў розных заводаў павышае імавернасць асечкі, адзначае «Коммерсант».

Таксама, паводле звестак выдання, падчас следства была зробленая здагадка, што ў Нямцова маглі страляць не з пісталета Макарава, як паведамлялася раней, а з падобнага з ім газавага пісталета «Іж», пераробленага пад стральбу баявымі патронамі. З такой жа зброі ў 2006 годзе была застрэленая журналістка Ганна Паліткоўская. Версія аб інструменце забойства канчатковай не з'яўляецца.

Акрамя таго, удзельнікі расследавання адзначаюць, што за Нямцовым гэтак жа, як у свой час за Паліткоўскай, доўга сачылі, пакуль яны не апынуліся ў зручных для нападу месцах. У выпадку з палітыкам не выключана, што ўмовай заказчыка было менавіта забойства, учыненае з відам на Крэмль.

Барыс Нямцоў быў застрэлены ў ноч на 28 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў Маскве. У Нямцова трапілі чатыры кулі, адно з раненняў - у сэрца - было смяротным. Паводле версіі следства, забойства было на замову, канчатковай версіі аб ягоных матывах пакуль няма. Падазроныя не затрыманыя.

Момант забойства Нямцова засняла камера тэлеканала ТВЦ. Здымка вялася здалёк, і на відэа абставіны забойства дрэнна адрозныя.

1 сакавіка ў Маскве адбылося шэсце памяці Барыса Нямцова, удзел у якім бралі больш за 50 тысяч чалавек.

Апошнія навіны