BE RU EN

Пілоты Lufthansa страйкуюць трэці дзень

  • 19.03.2015, 14:33

Страйк падоўжаны да канца пятніцы, 20 сакавіка, пацерпяць 80 тысяч пасажыраў.

Пілоты Deutsche Lufthansa AG прадоўжыліі страйк яшчэ на дзень - да канца пятніцы, паведамляе The Wall Street Journal. Такім чынам, яны не будуць працаваць трэці дзень.

Як паведаміў прафзвяз грамадзянскай авіяцыі Нямеччыны Cockpit, пятнічны страйк закране пералёты авіякампаніі малой і сярэдняй далёкасці ва ўсёй краіне, піша «Корреспондент».

Пры гэтым рэйсы даччыных прадпрыемстваў Lufthansa - нізкабюджэтных кампаній Germanwings і Eurowings - выконваюцца.

Учора, 18 сакавіка, было скасавана блізу 750 з 1400 рэйсаў малой і сярэдняй далёкасці. Сёння авіяперавозчык адмовіцца ад 42 далёкіх рэйсаў. Усяго пацерпяць ад страйку блізу 80 тысяч пасажыраў, пераважна тыя, якія ляцяць праз Мюнхен і Франкфурт.

Прычына чарговага страйку - крах калектыўных перамоваў паміж прадпрыемствам і прафзвязам пілотаў.

Lufthansa сцвярджае, што палепшыла ўмовы для пілотаў, якія датэрмінова выходзяць на пенсію, не дасягнуўшы пенсіённага ўзросту. Прафзвяз пры гэтым не ўважае свае патрабаванні за выкананыя і працягвае намагаць на тым, каб у будучыні пілоты маглі атрымліваць кампенсацыю ад працадаўцы пры датэрміновым выхадзе на пенсію.

Cockpit запатрабаваў ад выканаўчай рады Lufthansa правядзення сур'ёзных перамоваў, каб супольна знайсці шляхі развязання канфлікту.

Супрацьстаянне прафзвязу і авіякампаніі доўжыцца з красавіка 2014 года. За гэты перыяд пілоты Lufthansa страйкавалі некалькі разоў.

У мінулым годзе шматразовыя страйкі пілотаў знізілі аперацыйны прыбытак Lufthansa на 232 млн еўраў.

Групе Lufthansa акрамя аднайменнага брэнда належаць Austrian Airlines, Swiss Airlines, Germanwings і дзелі ў Brussels Airlines і амерыканскай JetBlue. У 2014 годзе яны перавезлі амаль 106 млн пасажыраў.

Апошнія навіны