BE RU EN

Затрыманыя трое баевікоў, што напалі на туніскі музей

  • 19.03.2015, 12:28

Праваахоўныя органы Туніса затрымалі траіх баевікоў, якія напалі на музей Барда ў сталіцы краіны.

Пра гэта, як паведамляе ТАСС, у эфіры французскага тэлеканала BFM-TV паведаміў кіраўнік туніскага МЗС Тайеб Бакуш.

«Трое злачынцаў былі затрыманыя, чацвёрты стаў аб'ектам узмоцненых вышукаў», - дадаў ён.

Раней прэм'ер-міністр Туніса Хабіб Эсід (Habib Essid) заявіў, што двое нападнікаў на музей ліквідаваныя. Як мяркуецца, гэта грамадзяне Туніса Ясін Абідзі (Yassine Abidi) і Гатэм Хахноі (Hatem Khachnaoui), паведамляе Agence France-Presse.

Згодна з непацверджанай інфармацыяй, тэракт арганізавалі баевікі з групоўкі «Акба ібн Нафаа», звязанай з «Аль-Каідай у краінах ісламскага Магрыба». Адказнасць за напад пакуль ніхто на сябе не ўзяў, піша Lenta.ru.

У сераду, 18 сакавіка, пераапранутыя ў вайсковую форму баевікі пад'ехалі да будынка парламента Туніса, адкрылі бязладны агонь, потым яны ўварваліся ў музей, які знаходзіцца побач, дзе захапілі закладнікаў.

Паводле звестак уладаў, у выніку атакі загінуў 21 чалавек, у тым ліку 17 замежнікаў. У іх ліку - двое грамадзян Польшчы і двое італьянцаў, трое японцаў, як мяркуецца, двое французаў. Акрамя таго, ахвярамі атакі сталі грамадзяне Калумбіі, Гішпаніі і Аўстраліі.

Фота: Reuters

Апошнія навіны