BE RU EN

Справа філіяла «Энергазбыту»: хабары за кілават-гадзіны

  • 18.03.2015, 9:20

Работнікі філіяла «Энергазбыту» атрымлівалі незаконнае ўзнагароджанне за «развязвання пытанняў» аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

За гэта, паводле звестак следства, арганізацыю вызвалялі ад абавязанняў у аплаце электраэнэргіі ў поўным аб'ёме.

Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН паведаміла пра крымінальную справу ў дачыненні да работнікаў філіяла «Энэргазбыт» РУП «Мінскэнэрга» і службовых асобаў аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Менскага раёна. Праца па ёй ужо скончаная, следства правялі ва ўпраўленні Следчага камітэта Менскай вобласці.

Справа пачалася з «гучнага» затрымання супрацоўнікамі КДБ майстра «Энэргазбыту» пры атрыманні хабару ў суме 5 тыс. даляраў. Паводле звестак следства, гэты хабар быў не адзіным: работнікі філіяла абвінавачваюцца ў сістэматычным атрыманні грашовых сродкаў за вызваленне сельгаспрадпрыемства ад абавязанняў у аплаце электраэнэргіі ў поўным аб'ёме. Агульная сума хабараў склала 8,2 тыс. даляраў.

Абвінавачванне прад'яўленае пецярым асобам. Двое супрацоўнікаў філіяла «Энергазбыт» РУП «Мінскэнэрга» абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў буйнай суме, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і службовым падлогу. Дзеянні трох службовых асобаў сельгаспрадпрыемства кваліфікаваныя як дача хабару ў буйнай суме, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і службовая падробка.

Супрацоўнікі «Энэргазбыту» ўзятыя пад варту. У Менскі абласны выканаўчы камітэт і Міністэрства энэргетыкі накіраванае рэкамендацыя аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню гэтага злачынства. Матэрыялы крымінальнай справы накіраваныя ў суд.

Апошнія навіны