Мінабароны РФ праводзіць маштабную перадыслакацыю авіяцыі
- 17.03.2015, 9:57
Авіяцыя ВПС Расеі прыступае да перабазавання на запасныя аэрадромы ў рамках праверкі Паўночнага флоту і асобных злучэнняў Заходняй вайсковай акругі.
Пра гэта паведаміла ўпраўленне прэс-службы і інфармацыі Мінабароны Расеі, паведамляе РІА «Новости».
«Цягам найбліжэйшых дзён будзе перабазавана блізу 50 самалётаў і гелікоптэраў на адлегласці ад 400 да 4000 кіламетраў», - гаворыцца ў паведамленні.
Установа дадала, што самалёты МіГ-31, Су-27, Су-24 і вайскова-транспартныя самалёты Ан-12 і Ан-26 Заходняй вайсковай акругі, авіяцыя камандавання ВПС і СПА вядуць разгрупаванне самалётаў і гелікоптэраў (Су-27, Су-24М , Мі-8АМТШ, Мі-24) на запасныя аэрадромы.
Раней прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пачаў раптоўную маштабную праверку Узброеных сіл. Раптоўная праверка, у якой удзельнічаюць дзесяткі тысяч вайскоўцаў, пройдзе як на моры, так і на сушы, і ў паветры. У праверцы ўдзельнічаюць 38 тыс. вайскоўцаў, 3360 адзінак вайсковай тэхнікі, 41 баявы карабель, 15 падводных лодак, 110 самалётаў і гелікоптэраў.