BE RU EN

За месяц беларускі бізнэс страціў $3 мільярды

  • 17.03.2015, 8:41

Ільвіная доля - страты на курсавой розніцы.

Белстат апублікаваў шакавальныя звесткі аб фінансавых выніках працы беларускіх кампаній у студзені 2015 года. Чыстыя страты амаль 8000 кампаній краіны склалі за месяц 42,9 трыльёна рублёў, гэта $2,98 мільярда ў эквіваленце. У справаздачу не ўваходзяць банкі, страхавыя і бюджэтныя арганізацыі, а таксама дробны бізнес, піша «Наша Нива».

Стратнымі былі 28,6% кампаній. Кожная з іх у сярэднім страціла за студзень па 7 мільёнаў.

Для параўнання, год таму беларускія кампаніі мелі чысты прыбытак у суме блізу $260 мільёнаў.

«Ільвіная доля - страты на курсавой розніцы, - тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы. - Гэта бухгалтарскія страты, якія можна будзе спісаць цягам двух гадоў у любым графіку, зніжаючы прыбытак».

Нагадаем, снежань-студзень былі вельмі стрэсавымі для беларусаў - як для шэраговых грамадзян і бізнэсу, так і для высокапастаўленых чыноўнікаў. Цягам гэтых двух месяцаў у краіне адбылося ўвядзенне 30-адсоткавага збору пры куплі валюты, або так званая «недэвальвацыя», забарона юрыдычным асобам купляць валюту на пазабіржавым рынку, недахоп валюты ў абменніках, замарожванне коштаў, паэтапнае скасоўванне збору і нарэшце ўзаконьванне 30-адсоткавай дэвальвацыі з далейшым падзеннем беларускага рубля да адзнакі мінус 38%.

Апошнія навіны