Пікет у Капылі: Канстытуцыі ў Беларусі няма
- 14.03.2015, 16:46
Сёння ў райцэнтры Капыль Менскай вобласці прайшоў пікет, прымеркаваны да Дня Канстытуцыі.
Акцыя была дазволеная мясцовымі ўладамі - на 1 гадзіну на мясцовым стадыёне, паведамляе «Радыё Свабода».
Заяўнік пікету актывіст Віктар Дашкевіч адзначыў, што сваёй акцыяй хацеў паказаць, што Канстытуцыя, якая ў Беларусі ўважаецца за нібыта асноўны закон, напраўду не дзейнічае, бо яна замененая ўказамі і дэкрэтамі, якія прымаюцца перш за ўсё, каб захаваць дзейную ўладу - выбараў няма і няма сапраўднай Канстытуцыі.
Са слоў Віктара Дашкевіча, эфект ад пікету быў бы вялікім, калі б улады дазволілі правесці яго ў цэнтры горада і атрымалася даць аб'яву.
На пікеце быў стэнд з партрэтамі зніклых палітыкаў і палітвязняў, а таксама партрэты Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.
Акцыя прайшла без эксцэсаў і затрыманняў, пад наглядам міліцыянтаў у цывільным, якія здымалі тое, што адбываецца на відэа.