BE RU EN

Камерсант са Слоніма двойчы падмануў банк на крэдытах

  • 14.03.2015, 12:22

Камерсант са Слоніма двойчы падмануў сталічны банк на крэдытах.

Пра гэта БелТА паведамілі ва ўправе Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК РБ Гарадзенскай вобласці.

Слонімскі міжраённы аддзел УДФР правёў праверку дзейнасці адной з слонімскіх камерцыйных фірм, якая спецыялізуецца на раздробным гандлі. Падчас праверкі выяўлена, што яе дырэктар, 38-гадовы жыхар Слоніма, заграз у некалькіх крэдытных гісторыях, ды так, што трапіў пад артыкул Крымінальнага кодэкса.

У 2010 годзе мужчына атрымаў крэдыт у адным са сталічных банкаў сумай $65 тысяч. На развіццё сваёй камерцыйнай дзейнасці. Аднак своечасова сплаціць крэдыт бізнэсовец не змог. У 2012 годзе ён звярнуўся ў банк з прапановай "перакрэдытаваць" запазычанасць на новую фірму, якая не мела пазык і была зарэгістраваная на сястру камерсанта. Прычым новы крэдыт быў аформлены пад заклад той жа маёмасці, што і першы. Атрыманы новы крэдыт сумай Br472 млн тут жа пайшоў на сплату ўзятага раней валютнага.

Далей ужо з другім крэдытам утварылася шматмільённая запазычанасць, але камерсант яе ўсё не сплачваў, хоць тэрміны даўно выйшлі. Самы галоўны сюрпрыз банкіраў чакаў напрыканцы. Калі банк пастанавіў нарэшце вярнуць грашовыя сродкі з закладзенае маёмасці, высветлілася, што гандлёвыя павільёны і адміністрацыйныя памяшканні, якія выступалі закладам у абодвух крэдытах, ужо даўно знаходзяцца пад арыштам і ў закладзе ў іншых фірмаў.

Такім чынам прадпрымальнікам і ягонай сястрой была прычыненая шкода банку ў выглядзе незвароту атрыманых грашовых сродкаў. У дачыненні да іх распачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт. 237 КК РБ за "вымантачванне крэдыту (субсідый), што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва значнай суме". Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў.

Апошнія навіны