BE RU EN

ЗША адправяць ва Украіну ўсюдыходы і дроны

  • 11.03.2015, 18:20

Злучаныя Штаты Амэрыкі пастанавілі адправіць ва Украіну вайсковыя ўсюдыходы і дроны.

Аб гэтым паведамляе агенцтва AFP са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка ЗША.

Напярэдадні стала вядома, што ЗША па-ранейшаму разглядаюць пытанне паставак смяротнай зброі ды іншых сістэм узбраення Украіне, піша «Новое время».

Раней нямецкі амбасадар у ЗША Пэтэр Вітыг паведаміў, што прэзідэнт ЗША Барак Абама пастанавіў не пастаўляць Украіне смяротную зброю пасля сустрэчы з федэральнай канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель яшчэ месяц таму. Са свайго боку, Кіеў ужо папярэдзіў Еўропу аб будучай вайне з Расеяй.

Амэрыканскія кангрэсмэны чыняць сур'ёзны ціск на адміністрацыю Абамы з прапановай не валаводзіць з пастаўкамі абарончых узбраенняў ва Украіну. Яны матывуюць гэта тым, што прарасейскія сэпаратысты пасля менскіх пагадненняў, якія месяц таму прычыніліся да крохкага замірэння ў рэгіёне, замацаваліся на занятых тэрыторыях, павялічыўшы іх.

У шмат якіх еўрапейскіх урадах, наадварот, мяркуюць, што пастаўкі зброі толькі падліюць алей у агонь эскалацыі канфлікту. Ва ўкраінскім парламэнце заяўлялі, што Крэмль прыстрашыў поўнамаштабным наступам расейскіх войскаў на Кіеў у выпадку давання Украіне зброі з боку ЗША.

Апошнія навіны