BE RU EN

Літва святкуе 25-годдзе аднаўлення незалежнасці

  • 11.03.2015, 11:58

Сёння Літва святкуе 25-годдзе аднаўлення незалежнасці, з гэтай нагоды па ўсёй краіне пройдуць канцэрты, урачыстыя мерапрыемствы, выставы.

Як паведамляе Delfi, гістарычны выхад з Савецкага Саюза святочна адзначаць і ў сойме. Пасля гэтага ў будынку парламента адбудзецца цырымонія ўзняцця сцягоў трох Балтыйскіх краін і пачнецца парад.

З нагоды свята ў Віленскай ратушы арганізуецца круглы стол пра ўрокі гісторыі і выклікі сучаснасці, у ім возьмуць удзел палітыкі з Балтыйскіх краін, Паўночнай Еўропы, Польшчы, Украіны і ЗША.

Пасля абеду ў сталіцы таксама адбудзецца шэсце. У Каўнасе ўрачыстасці традыцыйна пачнуцца апоўдні ў садзе Вайсковага музея ім. Вітаўта Вялікага. У Клайпедзе на плошчы Адраджэння гараджан запрашаюць упрыгожыць бранзалетамі дружбы слупы Гедыміна.

11 сакавіка 1990 года Вярхоўны савет - Аднаўленчы сойм пад кіраўніцтвам Вітаўтаса Ландсбэргіса абвясціў Акт аб аднаўленні незалежнасці Літвы, у якім гаварылася, што аднаўляецца скасаваная ў 1940 годзе замежнай сілай рэалізацыя суверэнных паўнамоцтваў Літоўскай дзяржавы.

Да 1940 года Літва была суверэннай дзяржавай, а пасля гэтага Літва паўстагоддзя была інкарпараваная ў склад СССР, што акупаваў яе.

Краіна атрымала міжнароднае прызнанне ў 1991 годзе. Першай Літву прызнала Ісландыя, яе прэзідэнт у гэтыя дні знаходзіцца з візітам у Вільні.

Апошнія навіны