Лукашэнка: Мы ніколі не шукалі ласкі ў расейцаў
- 10.03.2015, 14:19
Дыктатар запэўніў, што Беларусь ніколі не выкручвалася перад Расеяй, заўсёды адкрыта і сумленна ішла на супрацоўніцтва.
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 сакавіка на сустрэчы з губернатарам Курскай вобласці Расеі Аляксандрам Міхайлавым, паведамляе БелТА.
"Мы родныя браты, нам Госпадам наканавана быць у гэтым сяброўстве і будаваць такім чынам нашы інтэграцыйныя стасункі, - адзначыў Лукашэнка. - Мы ніколі не выкручваліся перад расейцамі. Калі ўжо ішлі на хаўрус, вайскова-палітычны, эканамічны, то рабілі гэта адкрыта, сумленна".
На думку беларускага дыктатара, у свой час міжрэгіянальнае супрацоўніцтва выратавала стасункі паміж Расеяй і Беларуссю. "Не было б міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, напэўна, і не было б такой цеснай інтэграцыі паміж дзвюма дзяржавамі", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на станоўчую дынаміку ў стасунках Беларусі і Курскай вобласці. Так, пры няпростай эканамічнай абстаноўцы летась узаемны тавараабарот вырас больш чым на 10% у параўнанні з 2013 годам і дасягнуў $250 млн. "Гэта як сярэдні тавараабарот з рэспублікамі былога Савецкага Саюза", - заўважыў беларускі дыктатар.
Са слоў правадыра, ва ўзаемным тавараабароце прысутнічае ўвесь спектр прадукцыі, якой карыстаецца насельніцтва і жыве вытворчасць. "Але выбудоўваючы на перспектыву нашы стасункі, думаю, нам трэба беларускія і курскія прадпрыемствы больш цесна ўвязваць, выбудоўваючы іх у адзіны вытворчы ланцужок. Хоць, павінен сказаць, мы гэта рабіць навучыліся. У нас шмат сумесных прадпрыемстваў, якія паспяхова працуюць", - сказаў беларускі дыктатар.
Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што ў Беларусі і Курскай вобласці існуе яшчэ вельмі шмат кірункаў, дзе бакі могуць задзейнічаць сілы з тым, каб у разы павялічыць выніковасць сумеснай працы. "Наш дыялог з кіраўніцтвам Курскай вобласці - адзін з найбольш актыўных і прадуктыўных", - падкрэсліў правадыр. Ён прапанаваў прадметна абмеркаваць сумесныя праекты. "Галоўнае - каб нашы дамоўленасці выконваліся. Калі мы дамовімся, мы сваю частку дарогі пройдзем адказна", - запэўніў дыктатар.
Фота: AP