BE RU EN

Вярхоўная Рада разгледзіць зварот да ЗША аб вайсковай дапамозе

  • 9.02.2015, 14:04

Дэпутаты маюць намер прасіць Кангрэс ЗША даць Украіне статус адмысловага хаўрусніка.

Вярхоўная Рада 11 лютага мае намер разгледзець зварот да кангрэсу ЗША з просьбай паскорыць выдачу Украіне вайсковай дапамогі і статусу адмысловага хаўрусніка. Гэтае пытанне стаіць у папярэднім парадку дня, які ў панядзелак павінны зацвердзіць на пагаджальнай радзе кіраўнікоў фракцый і груп Рады, паведамляе "Корреспондент".

У парадак дня таксама прапануецца ўнесці разгляд у першым чытанні законапраекта аб унясенні змяненняў у закон "Аб арганізацыі абароннага планавання" (новая рэдакцыя), а ў чацвер можа быць разгледжаны праект пастановы аб зменах адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Луганскай вобласці.

У аўторак народным дэпутатам Украіны прапануецца разгледзець у першым чытанні законапраект №1768 "Аб унясенні змяненняў у закон "Аб тэлевізіі і радыёвяшчанні" (што да ўдзелу замежных асоб у тэлерадыёарганізацыях), які прадугледжвае забарону ўдзелу рэзідэнтаў дзяржавы-агрэсара або дзяржавы-акупанта ў статутным капітале айчынных медыякампаній.

Нагадаем, яшчэ 28 ліпеня ў Кангрэс ЗША быў прадстаўлены законапраект, які прапануе надаць Украіне статус хаўрусніка па-за NATO. Меркавалася, што статус [хаўрусніка па-за NATO дазволіць Украіне значна пашырыць супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сферы, а таксама атрымаць механізм, паводле якога можна будзе закупляць неабходную зброю.

Як паведамляў Корреспондент.net, 3 студзеня выданне Wall Street Journal распавяло, што кіраўніцтва ЗША вярнулася да разгляду пытання аб пастаўках Кіеву смяротнай абарончай зброі ў сувязі з аднаўленнем баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны. Пытанне аб магчымых пастаўках зброі Украіне ажыўлена абмяркоўваецца і ў краінах Еўразвязу.

Нямеччына, Вугоршчына і Францыя ўжо заявілі, што не будуць пастаўляць Украіне зброю. У Літве і Эстоніі наадварот заклікалі пачаць пастаўкі зброі Кіеву.

Памочнік Абамы ў нацбяспецы Сьюзан Райс пацвердзіла, што ЗША разглядаюць магчымасць надання Украіне наўпроставай вайсковай дапамогі. На гэты момант ЗША ўжо выдзелілі Украіне $16 млн наўпроставай дапамогі і паабяцалі $1 млрд крэдыту.

Апошнія навіны