BE RU EN

Магерыні пра «план Мэркель-Аланда»: Мы павінны паспрабаваць

  • 8.02.2015, 13:23

ЕЗ ахвочы рабіць усё магчымае для дыпламатычнага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту, аднак пакуль незразумела, які будзе вынік гэтых намаганняў.

Пра гэта заявіла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Фэдэрыка Магерыні, піша "Корреспондент".

"Наш прыярытэт - актыўная дыпламатыя. Мы выкарыстоўваем усе фарматы, усе каналы для спроб знайсці развязанне канфлікту", - сказала яна на канферэнцыі ў Мюнхэне.

Паводле ейных слоў, у ЕЗ пакуль няма ўпэўненасці, што ініцыятыва аб Украіне прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда і канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель спрацуе. "Мы не ведаем, ці скончыцца гэта поспехам, але мы павінны паспрабаваць", - падкрэсліла Магерыні.

Яна таксама адзначыла, што адным з прыярытэтаў ЕЗ з'яўляецца дапамога Украіне ў правядзенні рэформаў. "Мы хочам пераканацца, што Украіна стане спраўна дзейнай дзяржавай, што гэта будзе асобнай "гісторыяй поспеху", - дадала яна.

Так, мірны план для Украіны канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда прадугледжвае стварэнне дэмілітарызаванай зоны і шырокую аўтаномію для Данбаса, піша РІА "Новости".

Нагадаем, у пятніцу ў Крамлі адбылася сустрэча сам на сам прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з канцлеркай Ангелай Мэркель і кіраўніком Францыі Франсуа Аландам. Пасля чатырохгадзінных перамоў лідэры Мэркель і Аланд з'ехалі без заяў журналістам, піша "Інтэрфакс".

Прэс-сакратар Пуціна заявіў, што стораны рыхтуюць дакумэнт для імплемэнтацыі менскіх дамоўленасцяў. Чакаецца, што ў нядзелю Пуцін, Мэркель і Аланд правядуць тэлефонныя перамовы.

Апошнія навіны