BE RU EN

ДТЗ у Вілейцы: загінуў супрацоўнік міліцыі

  • 4.02.2015, 17:13

3 лютага блізу 20.20 у Вілейцы адбылося ДТЗ з удзелам службовай аўтамашыны аператыўна-дзяжурнай службы Вілейскага РАУС.

Прапаршчык міліцыі Дзяніс Шульгач, які кіраваў аўтамабілем, ад атрыманых цялесных пашкоджанняў сканаў. Аварыя адбылася на скрыжаванні вуліц 1 Траўня і Піянерскай, піша БелаПАН.

Супрацоўнік міліцыі вяртаўся ў Вілейскі РАУС пасля выканання службовага задання.

Як паведамляе прэс-служба УУС Менаблвыканкама, папярэдне высветлена, што 22-гадовы жыхар райцэнтра, які кіраваў аўтамабілем KIA Shuma, рухаўся па вуліцы Піянерскай, другараднай ў адносінах да вуліцы 1 Траўня. Не пераканаўшыся ў адсутнасці транспартных сродкаў на галоўнай дарозе і бяспецы здзейсненага манеўру, выехаў на праезную частку вуліцы 1 Траўня, дзе яго аўтамабіль сутыкнуўся са службовай аўтамашынай ГАЗ 22171.

Кіроўца KIA атрымаў цялесныя пашкоджанні ў выглядзе закрытай чэрапна-мазгавой траўмы, выцятай раны галавы і пералому левага сцягна. Ён быў дастаўлены ў Вілейскую цэнтральную раённую лякарню. Паводле папярэдніх звестак, кіроўца KIA знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.

Паводле факту ДТЗ са смяротным зыходам Вілейскім РАСК распачатая крымінальная справа (ч.4 арт.317 КК).

У Дзяніса Шульгача засталіся жонка і маленькі сын.

Апошнія навіны