BE RU EN

За незаконны гандаль з «Гомсельмашам» затрыманыя пяць чалавек

  • 4.02.2015, 10:26

Спыненая дзейнасць групы ў сферы незаконнага прадпрымальніцтва.

Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні Дэпартамента фінансавых расследаванняў абласнога Камітэта дзяржкантролю, піша БелТА.

Групу выявілі супрацоўнікі фінансавай міліцыі і КДБ. Яна дзейнічала на тэрыторыі Беларусі з 2013 да 2014 года. У склад уваходзілі жыхары Менска і Гомеля, у тым ліку работнікі «Гомсельмаша».

Удзельнікі групы ад імя фірмы, зарэгістраванай у адным з раёнаў вобласці, пастаўлялі ААТ «Гомсельмаш» запчасткі да тэхнікі без тэндэраў. Гэта прадукцыя набывалася ў Расеі за гатоўку. Аплата паступала на рахункі падкантрольных фірмаў і здымаліся гатоўкаю. Паводле папярэдніх звестак, у выніку незаконнай дзейнасці ўдзельнікі арганізаванай злачыннай групы атрымалі прыбытак блізу 3 млрд беларускіх рублёў.

У дачыненні да ўдзельнікаў групы распачатыя 2 крымінальныя справы за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў затрыманыя і змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання 5 падазраваных. У іх канфіскавана 3 аўтамабілі, залатыя зліткі агульнай вагою блізу 1 кг на суму не менш 400 млн рублёў, $12 тыс., іншыя грашовыя сродкі. Праводзяцца следчыя дзеянні.

Апошнія навіны