BE RU EN

Гарадзенская ДАІ прапануе адпраўляць п'яных пешаходаў у ЛПП

  • 3.02.2015, 15:41

ДАІ Гарадзенскай вобласці выступае за ўзмацненне жорсткасці адказнасці да п'яных пешаходаў аж да накіравання іх у ЛПП.

Пра гэта паведаміў начальнік ДАІ УУС Гарадзенскай вобласці Сяргей Талатай, паведамляе БелТА.

ДАІ Гарадзенскай вобласці выступае ініцыятаркай унясення адпаведных змяненняў у заканадаўства. Перш за ўсё, на думку Сяргея Талатая, яны павінны закрануць нецвярозых пешаходаў, дарожных хуліганаў і злосных неплацельшчыкаў.

"Мы змагаемся з п'янствам за стырном, безумоўна, гэта недапушчальна. Але колькі ДТЗ здзяйсняецца з віны п'яных пешаходаў і раварыстаў. Вядома, яны самі і пакутуюць больш за ўсё, але правакуюць аварыйную сітуацыю менавіта яны. Мы караем іх штрафамі, але далёка не заўсёды потым магчыма іх спагнаць. А чалавек раз-два не аплаціў штраф і адчуў сябе беспакараным. Гэтага не павінна быць. Ён павінен несці адказнасць за свае супрацьпраўныя дзеянні", - сказаў Сяргей Талатай.

З ягоных слоў, гуманнасць у дачыненні да гэтай катэгорыі насельніцтва падобная да злачыннага лібералізму.

"Такі чалавек рана ці позна можа падставіць нявінных людзей - засне на дарозе або ўчыніць пажар. Ён жа не выхоўвае дзяцей, не плаціць за паслугі ЖКГ. Гэта ўсё звёны аднаго ланцуга. У сусветнай практыцы ёсць такія захады - прымус да выплатных прац. Я таксама выступаю за тое, каб зрабіць больш жорсткай адказнасць да п'яных пешаходаў: склалі тры пратаколы за год і накіравалі праз суд у ЛПП. Таксама калі чалавеку няма чым аплаціць штраф, ён павінен адпрацаваць яго. Для гэтага ёсць адпаведныя ўстановы, папраўчыя работы, ЛПП. Тады ў яго прававой свядомасці адбудуцца пазітыўныя зрухі", - перакананы начальнік ДАІ.

Такую практыку (накіраванне ў ЛПП праз адмысловыя камісіі) з гэтага года ўжо пачалі ўкараняць у Гарадзенскай вобласці. Толькі за лістапад-снежань 2014 супрацоўнікі ДАІ вобласці сабралі матэрыял на 178 чалавек.

Таксама жорстка ДАІ вобласці мае намер паступаць у дачыненні да хуліганаў на дарогах.

"У камеры відэарэгістратараў трапляліся матацыклісты, якія ўстаюць на адно кола на ажыўленай гарадской магістралі або катаюцца на капоце ў цэнтры горада. Гэта цынічныя выпадкі ігнаравання правілаў дарожнага руху, якія ствараюць пагрозу для іншых яго ўдзельнікаў, а таксама правілаў паводзінаў у грамадскім месцы. А дарога - гэта грамадскае месца. Такія парушэнні будуць карацца вельмі строга", - сказаў начальнік ДАІ.

Але самае галоўнае, на думку Сяргея Талатая, - сфармаваць бачанне бяспечнага руху ў псіхалогіі кожнага беларуса. Менавіта ў гэтым залог зніжэння аварыйнасці на дарогах. "Кожны кіроўца і кожны пешаход павінны дакладна ведаць, чаго нельга рабіць на дарозе ні ў якім выпадку. Напрыклад, не падлягае абмеркаванню і тлумачэнню патрабаванне перавозіць дзяцей у аўтакрэсле, не перавышаць усталяваную знакамі хуткасць, перасоўвацца ў аўто прышпіленым. Ніякай агрэсіі, суперніцтва, пагоняў на дарозе не павінна быць. У 2015 годзе ў вобласці адбылося ДТЗ, у якім загінулі чатыры чалавекі. Усе яны былі дальнабойнікамі, прафесіяналамі, усе ехалі непрышпіленымі. Чаму? Таму што не ўважалі гэта за важнае. Бачанне бяспечнага руху павінна быць прапісанае ў кожным дзіцяці", - сказаў ён.

У 2014 годзе ў Гарадзенскай вобласці колькасць выяўленых парушэнняў правілаў дарожнага руху з боку нецвярозых пешаходаў вырасла ў параўнанні з 2013 годам на 26% - з 8,8 тысяч да 11,1 тысяч. Прыцягнутыя да адказнасці 22 тысячы пешаходаў, з іх 13 тысяч - п'яных. Дастаткова сур'ёзна стаіць праблема спагнання штрафаў з парушальнікаў адміністрацыйнага заканадаўства. Штомесяц інспектары ДАІ сумесна з судовымі выканаўцамі наведваюць неплацельшчыкаў дома. Так, за мінулы год прыйшлося прыйсці "ў госці" да больш чым 1,7 тысячы чалавек, спагнана звыш 490 млн штрафаў.

Апошнія навіны