BE RU EN

Deutsche Welle: Грэцыя вар’яцее

  • 3.02.2015, 12:18

На думку аглядальніка выдання, паводзіны новых уладаў краіны не пакідаюць Еўразвязу ні найменшай падставы дапамагаць ёй.

Новы грэцкі ўрад, як ён сам заяўляе, мае намер абыходзіцца без фінансавай дапамогі Еўразвязу (ЕЗ). І рыторыка ўрада не дазваляе ЕЗ гэтую дапамогу прапаноўваць, піша аглядальніца Deutsche Welle Барбара Вязель.

Па-першае, новы міністр фінансаў Грэцыі Яніс Варуфакіс не жадае размаўляць з Тройкай крэдытораў (ЕЗ, ЕЦБ, МВФ). "У сутнасці, гэта ўсё роўна, што хтосьці наважыў бы не мець справы з банкам, які выдаў яму вялікі крэдыт", - адзначае Вязель.

Праз паводзіны Варуфакіса іншага выбару, акрамя як скасаваць запланаваны на канец лютага крэдытны транш у суме блізу 7 млрд еўра, у Тройкі не застаецца. Грэцыя ж заяўляе, што гэты транш ёй і не патрэбны. Пры гэтым у лютым і сакавіку Грэцыя павінна знайсці блізу 11 млрд еўра на выплаты рэфінансавання, адсоткаў і гэтак далей, нагадвае Вязель.

Калі новы ўрад краіны пад кіраўніцтвам Алексіса Цыпраса адмовіцца ад супрацоўніцтва з Тройкай, Еўрапейскі цэнтрабанк перастане забяспечваць грэцкія банкі грашыма, і ў касах і банкаматах іх не будзе фізічна. "На гэты аргумент новы кіраўнік грэцкага ўрада... адказаў з дрэнна прыхаванай іроніяй, што такога хаосу ў сваёй краіне ён не дапусціць", - піша аглядальніца DW.

На яе думку, да дэмаршу Цыпраса і ягонай каманды варта паставіцца сур'ёзна, таму што Грэцыя можа стварыць праблемы не толькі сабе, але і Еўразвязу агулам. Яна паказвае, што новы грэцкі прэм'ер плануе бліжэйшым часам наведаць Вялікабрытанію, Італію і Францыю, а вось Нямеччыну ігнаруе. Такім чынам Цыпрас, магчыма, хоча нацкаваць Рым і Парыж на Бэрлін. Ва ўсіх трох краінах існуе меркаванне, што ЕЗ (галоўным чынам - Нямеччына) павінен проста друкаваць больш грошай, і тады крызіс будзе развязаны. Але спісваць грэчаскія пазыкі не жадаюць нідзе - інакш дзесяткаў мільярдаў еўра не далічыцца Еўразвяз агулам, а не толькі немцы.

Аб Нямеччыне Цыпрас адгукнуўся вельмі грэбліва. "Нямеччына - усяго толькі такая ж краіна, як і ўсе іншыя, з'едліва адзначыў грэцкі прэм'ер", - піша Барбара Вязель. Зрэшты, міністр фінансаў ФРГ Вольфганг Шойбле можа дазволіць сабе абысціся без з'едлівасці: "Больш грошай Грэцыі мы прапаноўваць не будзем".

"Чаго хоча новы ўрад у Афінах, так гэта канферэнцыі запазычанасцяў, дзе Грэцыі спісалі б большую іх частку - як Нямеччыне пасля Другой сусветнай вайны. Але з гістарычнага пункту гледжання гэтыя сітуацыі параўноўваць нельга. Акрамя таго, сябры і таварышы ў Эладзе, вы пацярпелі не ад землятрусаў, грамадзянскіх войнаў або ураганаў, а ад уласных карумпаваных зладзейскіх элітаў", - адзначае Вязель і мяркуе, што Грэцыі пара спыніць выстаўляць сябе ахвярай. Тым больш, што і МВФ - іншы крэдытор ў Тройцы - у выпадку з Грэцыяй будзе прыслухоўвацца да меркавання ЕЗ.

На думку аглядальніцы DW, выхад Грэцыі з еўразоны (Grexit), у адрозненне ад 2012 года, цалкам можа шчасна развязаць існую сітуацыю. Валютнаму звязу неабходна аператыўна прыдумаць механізм для Grexit, каб у варонку крызісу, створаную гэтай краінай, не зацягнула ўвесь Стары Свет. Гэта будзе цалкам сіметрычным адказам Цыпрасу, які "падмяняе здаровы сэнс і пачуццё рэальнасці бессаромнасцю і дрэннымі манерамі". Вязель нагадвае, што новы грэцкі прэм'ер дазваляў сабе параўноўваць канцлерку ФРГ Ангелу Мэркель з Адольфам Гітлерам, а дзейнасць Вольфганга Шойбле назваць "чацвёртым рэйхам". На яе перакананні, не варта дапамагаць тым, хто рэагуе на дапамогу падобным чынам. "Тых хто сыходзіць не варта затрымліваць. Асабліва, хто сыходзіць такім чынам", - робіць высновы Вязель.

Апошнія навіны