BE RU EN

Следчы камітэт РФ назваў версіі забойства Нямцова

  • 28.02.2015, 14:01

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Расеі Уладзімір Маркін пералічыў асноўныя версіі забойства Барыса Нямцова, якія разглядаюцца следствам.

У іх ліку «версія, звязаная з ісламска-экстрэмісцкім следам», піша «Інтэрфакс».

«На сённяшні момант следства разглядае некалькі версій: забойства як правакацыя для дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў краіне, і фігура Нямцова магла стаць своеасаблівай сакральнай ахвярай для тых, хто не грэбуе ніякімі метадамі для дасягнення сваіх палітычных мэтаў», - сказаў ён.

Акрамя таго, за ягоных слоў, «старанна адпрацоўваецца і версія, звязаная з ісламска-экстрэмісцкім следам». «Справа ў тым, што ў следства ёсць звесткі пра тое, што Нямцоў атрымліваў пагрозы ў сувязі з ягонай пазіцыяй што да расстрэлу журналістаў рэдакцыі часопіса Charlie Hebdo у Парыжы», - адзначыў прадстаўнік СКР.

Акрамя таго, дадаў ён, «правяраецца версія, звязаная з унутрыўкраінскімі падзеямі». Не сакрэт, што сярод абедзвюх канфліктуючых старон ёсць вельмі радыкальныя персанажы, якія не падпарадкоўваюцца ніякім уладам», - падкрэсліў Маркін, не выключыўшы і версіі, звязанай з камерцыйнай дзейнасцю забітага і асабістай непрыязнасцю да яго, і іншыя бытавыя версіі.

У СКР паведамілі, што ўжо дапытаныя сведкі і відавочцы здарэння. «Дарэчы, акрамя спадарожніцы Барыса Нямцова, якая знаходзілася непасрэдна з ім на Вялікім Маскварэцкім мосце, ёсць і іншыя відавочцы гэтага злачынства, якія таксама даюць неабходныя паказанні», - сказаў Маркін.

З ягоных слоў, таксама спецыялісты працуюць над дэталізацыяй усіх тэлефонных злучэнняў непасрэдна да і ў момант злачынства, у прывязцы да месца яго ўчынення. «Цяпер вывучаюцца запісы камер відэаназірання па ўсім маршруце руху Нямцова. Стральба вялася, як мяркуецца, з пісталета Макарава. Пры аглядзе месца здарэння канфіскавана шэсць гільзаў 9-міліметровага калібру, прычым характэрна, што магазін быў сфармаваны з гільзаў рознага вытворцы», - адзначыў прадстаўнік СК Расеі.

«Тое, што злачынства было старанна спланаванае, не выклікае ніякіх сумневаў, гэтак жа як і месца, абранае для забойства. Паводле звестак следства, Барыс Нямцоў накіроўваўся са спадарожніцай у сваю кватэру, якая знаходзіцца недалёка ад месца здарэння. І відавочна, што арганізатары і выканаўцы гэтага злачынства былі дасведчаныя аб меркаваным маршруце», - падкрэсліў Маркін.

З ягоных слоў, «да расследавання далучаныя найлепшыя сілы СК і МУС Расеі - будуць выкарыстаныя ўсе перадавыя тэхналогіі і сучасная тэхніка, якія знаходзяцца ў распараджэнні крыміналістаў СКР».

Старшыня Следчага камітэта Расеі Аляксандр Бастрыкін, які ўзяў гэтую справу пад свой асабісты кантроль, і міністр МУС Уладзімір Калакольцаў правялі пасяджэнне штаба, на якім заслухалі першыя вынікі расследавання і паставілі задачы следча-аператыўнай групе, дадаў прадстаўнік СКР.

Барыс Нямцоў быў забіты ў ноч на 28 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў цэнтры Масквы. Следчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу паводле артыкулаў «Забойства» і «Незаконны абарот зброі».

Прыхільнікі Барыса Нямцова звязваюць яго забойства з палітычнай дзейнасцю.

Апошнія навіны