BE RU EN

Італійскія знішчальнікі перахапілі над Балтыкай самалёт ВПС Расеі

  • 27.02.2015, 19:25

Італійскія знішчальнікі Typhoon, якія выконваюць місію Балтыйскага паветранага патруля, перахапілі над Балтыкай расейскі самалёт радыёэлектроннай выведкі Іл-20.

Пра гэта паведамляе літоўскае інфармацыйнае агенцтва BNS, піша Lenta.ru.

«Быў распазнаны і суправоджаны Іл-20, які ляцеў без плана і з вымкнутым аўтаадказчыкам, але ён звязаўся з цэнтрам кіравання палётамі», - паведаміла агенцтву прадстаўніца Мінабароны Літвы Вікторыя Цемэнітэ.

Увечары 25 лютага італійскія знішчальнікі таксама ўздымаліся на перахоп расейскіх вайскова-транспартных самалётаў Ан-22 і Ан-72, якія ляцелі з кантынентальнай часткі Расеі ў Калінінградскую вобласць.

Чатыры знішчальнікі Eurofighter Typhoon, якія належаць італійскім ВПС, з 1 студзеня 2015 года разгорнутыя на літоўскім аэрадроме Шаўлі ў рамках задач Балтыйскага паветранага патруля.

Балтыйскі паветраны патруль - створаная ўвесну 2004 года сістэма дзяжурства ВПС краін NATO над тэрыторыяй Прыбалтыкі. У сувязі з адсутнасцю ў Эстоніі, Латвіі і Літвы прыдатных да нясення такой службы баявых самалётаў, заслон паветраных меж гэтых краін ажыццяўляюць дзяжурныя знішчальнікі краін NATO, што накіроўваюцца туды паводле ратацыі.

Апошнія навіны