BE RU EN

Дэпутат Еўрапарламента патрабуе пачаць пастаўкі ўзбраення ва Украіну

  • 27.02.2015, 16:57

Зрабіць гэта трэба як мага хутчэй.

Нягледзячы на тое, што ўрад ФРГ выступае катэгарычна супраць паставак узбраення ва Украіну, дэпутат Еўрапарламента ад фракцыі «Звяз 90/Зялёныя», намеснік старшыні камітэта міжпарламенцкага супрацоўніцтва ЕЗ-Расея Вернэр Шульц мяркуе, што Захад павінен пайсці на гэта, піша Инопресса.ру.

«Прычым зрабіць гэта трэба як мага хутчэй, - заявіў палітык у інтэрв'ю нямецкаму часопісу Focus. - Казаць аб працяглым перамір'і можна толькі тады, калі ўкраінскае войска будзе баяздольнае і зможа трымаць існую дэмаркацыйную лінію. Толькі ў гэтым выпадку яна зможа даць адпор сепаратыстам і паказаць ім, што больш захопліваць тэрыторыю ў іх не атрымаецца». Цяпер жа ўкраінскае войска моцна «саступае сепаратыстам у вайсковым плане і больш падобнае да войска галадранцаў».

«У гэтым канфлікце ва Украіне дыпламатыя без зброі дагэтуль не працавала», - падкрэсліў палітык. У тым выпадку, калі Захад пачне пастаўкі, Пуцін, «вядома, можа абвострыць канфлікт», прызнаў Шульц. Аднак, пакуль ён не выйдзе з хованкі і не прызнае адкрыта, што Расея ўдзельнічае ў вайсковых дзеяннях, яго магчымасці будуць абмежаваныя, бо аж дагэтуль Расея прымяняе на ўсходзе Украіны ў асноўным спецпадраздзяленні, колькасць якіх абмежаваная. «Не зможа ж Пуцін пасылаць і пасылаць іх туды ў яшчэ большых колькасцях», - сказаў дэпутат.

Таксама Шульц раскрытыкаваў заходнія краіны за тое, што «тавары двайнога прызначэння, якія яны экспартуюць у Расею, выкарыстоўваюцца пры мадэрнізацыі расейскага войска і вытворчасці ўзбраення». «У выніку атрымліваецца, што безабароннай краіне, якая адмовілася ад ядзернай зброі ўзамен на гарантыі тэрытарыяльнай цэласнасці ад Расеі, прыходзіцца супрацьстаяць агрэсару, узброенаму да зубоў, у тым ліку з дапамогай краін NATO», - сказаў ён.

У магчымасць адкрытай вайны паміж Расеяй і Украінай Шульц не верыць. «Я не думаю, што Пуцін зробіць гэта, паколькі, як толькі ён пачне вайну супраць братэрскага народа, яму прыйдзецца сутыкнуцца з вялікім супрацівам унутры краіны, - мяркуе дэпутат. - Ужо цяпер «Камітэт салдацкіх мацярок жаўнераў», які распавядае пра гібель расейскіх вайскоўцаў ва Украіне, прыносіць яму масу праблем».

Апошнія навіны