BE RU EN

Жыхары вуліцы Маякоўскага пратэстуюць супраць ушчыльнення

  • 26.02.2015, 20:50

Жыхары Ленінскага раёна Менска выступаюць супраць ушчыльнення жылой забудовы.

Пра гэта БелаПАН паведаміў грамадскі актывіст Віктар Янчурэвіч. Паводле ягоных слоў, больш за адную тысячу грамадзян падпісаліся пад зваротам супраць зацвярджэння і рэалізацыі ў прапанаваным выглядзе праекта дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вуліцы Дзянісаўскай - вуліцы Маякоўскага - завулак Маякоўскага - чыгункі. Подпісы перададзеныя ў адміністрацыю Ленінскага раёна Менска, якая з 2 да 26 лютага праводзіць грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі гэтай тэрыторыі.

«Абурэнне грамадзян выклікаў намер праектантаў значна ўшчыльніць жылую забудову шматпавярховымі новабудамі каля дома 23 на вуліцы Козыраўскай і на тэрыторыі азеляненне двара на вуліцы Барадзінскай, 31, а таксама пашырыць вуліцу Вялікаморскую да трох палос з арганізацыяй аўтобуснага маршруту. На думку жыхароў раёна, праект рэканструкцыі павінен служыць мэце комплекснага добраўпарадкавання тэрыторыі, стварэння спрыяльнага асяроддзя жыццядзейнасці, забеспячэння аб'ектамі сацыяльнай інфраструктуры, паркоўкамі і стаянкамі аўтатранспарту, а не быць інструментам банальнай кропкавай забудовы свабодных дзялянак жылымі дамамі падвышанай паверхавасці», - адзначыў Янчурэвіч.

Ён паведаміў, што «галоўнымі праблемамі раёна грамадзяне называюць слаба развітую інфраструктуру, нізкая якасць дзіцячых і спартыўных пляцовак, катастрафічная нястача парковак, з прычыны чаго вуліцы і дваровыя тэрыторыі загрувашчаны аўтамабілямі». Праект рэканструкцыі павінен развязваць менавіта гэтыя праблемы, а не ствараць жыхарам новыя, мяркуюць гараджане.

Падвядзенне вынікаў грамадскага абмеркавання павінна адбыцца 27 лютага. «Грамадзяне спадзяюцца, што іх меркаванне будзе ўлічанае і праект будзе адпраўлены на дапрацоўку, а пры развязанні пытання не на карысць грамадскай думкі маюць намер абскардзіць пастанову і абараняць свае інтарэсы ў вышэйшых інстанцыях», - адзначыў актывіст.

На ягоную думку, «праблемы пры правядзенні грамадскіх абмеркаванняў горадабудаўнічых праектаў узнікаюць з прычыны недапушчэння грамадскасці да удзелу ў працэсе планавання».

«Ні Менгарвыканкам, ні праектныя інстытуты не ўважаюць за патрэбнае весці камунікацыю з гараджанамі на этапе распрацоўкі праекта развіцця канкрэтнай тэрыторыі, аддаючы перавагу сілай прапіхваць тое, што выгадна камусьці, але не гараджанам. Сёння ўладам горада пара задумацца аб змене падыходаў да горадабудаўніцтва і праектавання, наладжваць з грамадскасцю дыялог, а не навязваць неабдуманыя пастаноовы, наступствамі якіх з'яўляюцца пратэсты, недавер і ўзлаванасць», - мяркуе Янчурэвіч.

Апошнія навіны