Рэзервы Расеі скараціліся на $4 мільярды за тыдзень
- 26.02.2015, 16:55
Золатавалютныя рэзервы Расеі за тыдзень з 13 да 20 лютага скараціліся на 3,7 мільярда даляраў, да 364,6 мільярда.
Гэта мінімальнае значэнне з красавіка 2007 года. Адпаведная інфармацыя змяшчаецца ў матэрыялах ЦБ, піша Lenta.ru.
У снежні мінулага года ЦБ тлумачыў, што рэзервы памяншаюцца праз выдачу банкам валютных крэдытаў. Прадстаўнік рэгулятара тады адзначыў, што грошы прадаваліся на аўкцыёнах валютнага РЭПО, а таксама па аперацыях «валютны своп». Гэтыя сродкі вернуцца ў рэзервы, бо былі выдадзеныя на зваротнай аснове, растлумачылі ў ЦБ. Акрамя таго, на скарачэнне рэзерваў паўплывала валютная пераацэнка праз умацаванне даляра ў дачыненні да еўра.
23 снежня стала вядома, што залаты запас Расеі вырас на 19 тон. Ён дасягнуў 1187,5 тоны - максімальны паказчык за апошнія 20 гадоў.
Міжнародныя рэзервы - высокаліквідныя замежныя актывы, якімі валодаюць Банк Расеі і ўрад. Яны складаюцца з замежнай валюты, спецыяльных правоў пазыкі, рэзервовай пазіцыі ў МВФ і залатога запасу. Цэнтрабанк выкарыстоўвае золатавалютныя рэзервы, у тым ліку, і для інтэрвенцый, якія з'яўляюцца інструментам падтрымкі курсу рубля.