BE RU EN

«Макдональдс» перадумаў адкрываць рэстарацыю ў Берасці

  • 26.02.2015, 10:32

Кампанію не задаволілі ўмовы, якія прапанаваў гарвыканкам.

Пра гэта заявіў кіраўнік гарвыканкама Аляксандр Рагачук у інтэрв'ю «Вечернему Бресту».

«Мы сустракаліся з прадстаўнікамі кампаніі і прапанавалі ім тры пляцоўкі пад будаўніцтва. Нядрэнныя, на мой погляд, практычна на цэнтральных вуліцах - Маскоўскай, Піянерскай», - распавёў ён.

Але ў адказ на магчымасць адкрыць у Берасці сваю рэстарацыю кампанія «Макдональдс» павінна была выканаць пэўныя ўмовы.

«Інвестар павінен правесці за свой кошт адсяленне жыхароў старых дамоў, добраўпарадкаваць тэрыторыю», - сказаў Аляксандр Рагачук.

«Макдональдс» такія ўмовы пакуль не задавальняюць. Але колькасць кропак грамадскага харчавання ў Берасце і без гэтай рэстарацыі будзе расці, упэўнены кіраўнік Берасця.

«Для нас важна, каб сетка устаноў грамадскага харчавання развівалася, расла канкурэнцыя ў гэтай сферы і адпаведна зніжаліся кошты», - адзначыў ён.

Больш за тое, для ўсіх інвестараў, якія прыйдуць у Берасце з намерам адкрыць краму ці рэстарацыю, умовы будуць аднолькавыя.

Апошнія навіны