BE RU EN

Літва рыхтуе адказ на расейскую прапаганду

  • 25.02.2015, 21:37

Літоўская нацыянальная вяшчальная тэлерадыёкампанія LRT мерыцца выдаваць новыя праграмы для расейскамоўнага насельніцтва.

Пра гэта паведамляе выданне ru.DELFI.lt.

Паведамляецца таксама, што ўвосень плануецца запусціць праграму, якая будзе выкрываць крыніцы прапаганды і прынцыпы іх дзеянні.

Гэта пытанне абмяркоўвалася на супольным пасяджэнні прадстаўнікоў Рады LRT, Рады культуры і мастацтва і Міністэрства культуры Літвы.

Са слоў старшыні Рады LRT Жыгінтаса Пячуліса, цяпер завяршаецца выпрацоўка ўмоў для праграм, якія плануецца запусціць з восені.

Хоць фармат праграм і іншыя дэталі, паводле ягоных слоў, на пасяджэнні не абмяркоўваліся, гаворка, тым не менш, ішла аб тым, што ў праграме можна было б паказваць з камэнтарамі ўрыўкі канкрэтных прапагандысцкіх праграм.

LRT таксама мае намер павялічыць прапанову створаных на Захадзе праграм для расейскамоўнага насельніцтва - тэлевізія днямі закончыла ўзгадненне ўмоў супрацоўніцтва з дзяржаўнай вяшчальнай кампаніяй Нямеччыны Deutsche Welle аб рэтрансляцыі інфармацыйных праграм на расейскай мове.

З сярэдзіны мінулага года каналы LRT і LRT Kultura паказваюць праграмы на расейскай мове, створаныя ўкраінскім "5-м каналам" і радыё "Свабодная Еўропа" у Чэхіі.

Сойм Літвы на веснавой сесіі працягне разгляд унесеных прэзідэнтам паправак аб барацьбе з прапагандай, якія, сярод іншага, прапануюць за распальванне вайны і нянавісці караць рэтранслятараў.

Раней паведамлялася, што спецслужбы Літвы назіраюць усё больш відавочныя намаганні Расеі для распальвання інфармацыйнай вайны і распаўсюджвання прапаганды ў СМІ і сацыяльных сетках краіны.

Апошнія навіны