Менскія чыгуначнікі паставілі на месца смаленскую мытню
- 24.02.2015, 16:30
Сталічнае аддзяленне БЧ атрымала маленькую перамогу ў гандлёвай вайне, развязанай у мінулым годзе Масквой супраць беларускіх экспарцёраў.
Арбітражны суд Смаленскай вобласці прызнаў незаконным штраф, які наклала на менскае аддзяленне БЧ расейская мытня за спробу транзіту партыі харчавання.
Канфлікт паміж беларускімі чыгуначнікамі і расейскімі мытнікамі ўзнік напачатку верасня 2014, падчас гандлёвай вайны паміж дзвюма краінамі. Смаленская мытня затрымала на станцыі «Краснае» груз, увезены прадпрыемствам «Менскае аддзяленне БЧ» паводле працэдуры мытнага транзіту. У адным з вагонаў правозіліся 34 тоны курынай скуркі нідэрландскага паходжання, якія рухаліся з Літвы ў Узбекістан, піша «Заўтра тваёй краіны».
Супрацоўнікі Федэральнай мытнай службы (ФМС) у сваіх дзеяннях спаслаліся на прэзідэнцкі ўказ ад 6 жніўня 2014 «Аб прымяненні асобных спецыяльных эканамічных мер у мэтах гарантавання бяспекі Расейскай Федэрацыі». Гэтым дакументам Уладзімір Пуцін на год устанавіў забарону на ўвоз у РФ харчавання з краін, якія ўвялі антырасейскія санкцыі. Аператыўна-вышуковы аддзел Смаленскай мытні наважыў, што беларускія чыгуначнікі спрабавалі завезці ў Расею забароненыя Пуціным прадукты харчавання. Тое, што паводле дакументаў курыныя скуркі ішлі транзітам ва Узбекістан, мытнікаў не пераканала. Яны адправілі ўсю партыю за межы Расеі і распачалі супраць Менскага аддзялення БЧ справу аб адміністрацыйным правапарушэнні.
У лістападзе расследаванне было скончанае. Беларускіх чыгуначнікаў ФМС РФ прызнала вінаватымі ў здзяйсненні правапарушэння і запатрабавала выплаціць штраф у суме 100.010 расейскіх рублёў.
Прадпрыемства «Менскае аддзяленне БЧ» звярнулася ў Арбітражны суд Смаленскай вобласці. У пазове на дзеянні мытні паказвалася, прынамсі, што згодна з пуцінскім указам абмежаванні на ўвоз тавараў не распаўсюджваюцца на транзіт. Акрамя таго, Расея перш чым забараняць імпарт, павінна была правесці гэтую пастанову праз Еўразійскую эканамічную камісію. Наогул, як было адзначана ў пазове, дзеянні ФМС РФ агулам супярэчаць нормам міжнароднага транспартнага заканадаўства.
Суд пагадзіўся з аргументамі беларусаў і пастанавіў: «прызнаць незаконнай і скасаваць прынятую Смаленскай мытняй пастанову» паводле справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і прыцягненні ТРУП «Менскае аддзяленне БЧ» да адміністрацыйнай адказнасці».
Праўда, ФМС РФ яшчэ можа аспрэчыць гэтую пастанову ў найвышэйшай судовай інстанцыі.