The Daily Mail распавяла аб «рацэ пяці колераў»
- 23.02.2015, 17:13
Выданне апублікавала здымкі калумбійскай ракі Каньё-Крысталас.
Брытанская газета The Daily Mail апублікавала здымкі ракі Каньё-Крысталас, якой шматлікія вандроўцы і навукоўцы прыпісваюць статус самай прыгожай у свеце. Вадаём вядомы тым, што мяняе свой колер за кошт розных відаў водарасцяў, праз што мясцовыя жыхары называюць яго «ракой пяці колераў», піша «Карэспандэнт».
Прыродная славутасць знаходзіцца ў глыбіні Нацыянальнага парка Макарэна ў Калумбіі. Штогод з верасня да лістапада рака ператвараецца ў сапраўдную вясёлку, афарбаваную ў яркія колеры: жоўты, блакітны, зялёны, чырвоны і чорны.
Вада ў рацэ Каньё-Крысталас мае ўласцівасці дыстыляванай, бо ў ёй адсутнічаюць солі і мінералы, а на дне не ўтвараецца глей.
Экскурсіі да гэтай ракі пачалі арганізоўваць толькі ў 2009 годзе. Дабрацца туды нялёгка, паколькі вадаём знаходзіцца ўдалечыні ад цывілізацыі. Аднак гэта не спыняе тысячы турыстаў.
Тэрыторыя ракі Каньё-Крысталас ахоўваецца і носіць статус аб'екта Прыроднай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА, таму патрапіць у зімовы і вясновы перыяд туды немагчыма.