BE RU EN

Юрась Беленькі: Святкаванне 23 лютага - гістарычны нонсэнс

  • 23.02.2015, 12:01

У беларусаў ёсць Дзень беларускай вайсковай славы, які адзначаюць 8 верасня.

Намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі - БНФ Юрась Беленькі распавёў «Радыё Рацыя», чаму 23 лютага ён ніколі не будзе святкаваць Дзень абаронцаў Айчыны.

- Для мяне ёсць іншае свята - Дзень беларускай вайсковай славы, які адзначаецца 8 верасня. А дзень 23 лютага быў унесены ў каляндар святаў бальшавіцкай Расеяй, гэтую дату залілі крывёю, пазначылі нашу краіну шматлікімі Курапатамі. Таму святкаванне такой «падзеі» - гістарычны нонсэнс для Беларусі, беларускіх прыярытэтаў і нашага гонару. Зразумела, што сітуацыя - своеасаблівы маркер таго, якая ўлада. Бо, здаецца, што тут святкаваць? Зрэшты, мяркую, што з цягам часу, пры новай уладзе, святкаванне 23 лютага будзе скасаванае. Гэта не значыць, што ўсе людзі адмовяцца ад Дня абаронцаў Айчыны, але ніхто і не забароніць гэта рабіць. Для многіх на самай справе - гэта традыцыя ў паўсядзённым жыцці. Але, паўтаруся - зыходзячы з гістарычнай справядлівасці, нам такія святкавання не патрэбныя.

- Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што ён прыняў пастанову абвясціць Днём абаронцы Айчыны не 23 лютага, а 14 кастрычніка, калі адзначаецца казацкае свята...

- Украіна прыйшла да гэтага праз цяжкі шлях, праз новую агрэсію расейскай імперыі. Гэта паказвае, колькі гадоў спатрэбілася краіне, якая жыве ў юрыдычнай незалежнасці, каб пазбавіцца ад імперскіх рудыментаў. Да такой пастановы прыйшлі на фоне вялікай крыві, якую ўчыніла Масква ва Украіне. І сёння, калі б Украіна святкавала яшчэ і 23 лютага, то гэта выглядала б проста здзекам над памяццю многіх ахвяраў, якія за апошні год аддалі жыццё за незалежную ад імперыі краіну.

Апошнія навіны