Новая падатковая пастка для беларусаў
- 23.02.2015, 8:50
На дэклараванне даходаў увядуць «абмежавальны тэрмін».
Міністар падаткаў і збораў Сяргей Налівайка распавёў у эфіры АНТ аб новых захадах у барацьбе з ценявымі даходамі, паведамляе «Еврорадио».
Выдачу заробкаў у канвертах плануюць зрабіць не выгаднай для наймальніка - ужо гатовы ўказ Лукашэнкі.
Цяпер фізасоба, якая заяўляе, што атрымлівае заробак у канвертах, выплачвае падаходны падатак і штрафныя санкцыі. У праекце ўказа прадугледжана, што фізасоба будзе вызваляцца ад гэтых выплат. Цяжар фінансавых абавязанняў перанясуць на нядобрасумленнага наймальніка.
Найбольш эфектыўны спосаб барацьбы з ценявымі даходамі гэта дэклараванне даходаў і маёмасці грамадзян, адзначыў міністар. З ягоных слоў, супастаўленне даходаў і выдаткаў у значнай ступені стымулюе выхад з ценю.
У якасці дадатковых захадаў для барацьбы з ценявымі даходамі плануюць устанавіць «абмежавальны тэрмін». Калі раней пасля параўнання даходаў і выдаткаў можна было даносіць дакументы, што пацвярджаюць даходы неабмежаваны час, што зацягвала праверку, то цяпер пасля пэўнага тэрміну дакументы не будуць прымацца.