BE RU EN

Беларусаў будуць адвучаць ад валюты

  • 20.02.2015, 20:57

Замежных грамадзян таксама будуць прывучаць карыстацца беларускімі рублямі.

"Нам трэба ўсяляк выкарыстоўваць беларускі рубель і прывучаць замежных грамадзян карыстацца нашай валютай унутры нашай краіны", - заявіў міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі 20 лютага ў Менску на пашыраным пасяджэнні сталай камісіі «палаты прадстаўнікоў» аб дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, піша БелаПАН.

"Я прыхільнік беларускай эканомікі і мяркую, што мы з вамі павінны паважаць беларускі рубель і ўсяляк яго падтрымліваць", - падкрэсліў ён.

Як раней паведамлялася, 1 сакавіка ў Беларусі спыняецца выдача дазволаў суб'ектам валютных аперацый на выкарыстанне ў разліках з фізічнымі асобамі замежнай валютай падчас раздробнага гандлю і выканання паслуг на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах з нумарацыяй "М", "М/Е" і ў пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу; вядзенне страхавой і турыстычнай дзейнасці; рэалізацыі аўтамабільнага паліва і звадкаванага газу.

"Ніякіх праблемных пытанняў з пункту гледжання заправак замежнымі перавозчыкамі палівам няма, - сказаў Зіноўскі. - Усе запраўкі на межах абсталяваныя тэрміналамі, і ўжо даўно вядома, што карткамі можна разлічыцца за бензін".

Што да турызму, адзначыў ён, для Беларусі "важна, каб турысты прывозілі валюту і мянялі яе на беларускі рубель".

"Мы павінны адвучаць грамадства ад нейкай замежнай валюты. Самае галоўнае, каб не раслі кошты. Тады беларускі рубель будзе шанавацца і мець такую ж вагу, як і ўсялякая іншая валюта", - дадаў Зіноўскі.

Апошнія навіны