Авакаў: «Цітушкам» выдавалі аўтаматы са складоў МУС
- 2.02.2015, 14:06
У праваахоўных органах Украіны пацвердзілі факт выдачы зброі са складоў МУС «цітушкам» у лютым 2014 года.
Пра гэта заявіў на сумесным брыфінгу з генпракурорам міністр унутраных спраў гэтай краіны Арсэн Авакаў, піша «Украінская праўда».
З ягоных слоў, на гэты момант затрымана ўжо 13 актыўных удзельнікаў тых падзей, дзякуючы допытам якіх праваахоўнікі цалкам аднавілі схему дзейнасці злачыннай групы, якая вербавала злачынцаў для супрацьстаяння з актывістамі Еўрамайдану.
«Яны (затрыманыя) дапытваюцца, але спіс нашмат большы, - сказаў Авакаў. - Калі раней у нас былі толькі здагадкі наконт таго, што са складоў МУС у момант найбуйнейшых сутыкненняў начальнікам службы матэрыяльнага забеспячэння МУС Зінавым выдавалася зброя «цітушкам», то цяпер у нас ёсць неабвержныя доказы. Гэта не толькі паказанні, але і ўжо першая канфіскаваная зброя ў затрыманых».
Ён прадэманстраваў фота аўтамата Калашнікава, канфіскаванага ў аднаго з затрыманых, які, згодна з маркіроўкай, лічыцца на складзе МУС.