BE RU EN

Мінсувязі Беларусі патрабуе ад Skype падзяліцца прыбыткам

  • 18.02.2015, 12:10

Аператары сістэм імгненных паведамленняў павінны адлічваць беларускаму боку частку прыбытку, уважаюць у міністэрстве.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі мяркуе, што аператары сістэм імгненных паведамленняў (Skype і іншыя), якія надаюць свае паслугі беларускім інтэрнэт-карыстальнікам, павінны адлічваць беларускаму боку частку прыбытку.

«На коштаўтварэнне (паслуг тэлефоннай і інтэрнэт-сувязі) уплывае і тое, што апроч тых сеткавых рэсурсаў, якія стварылі сотавыя аператары і Белтэлекам, працуюць тэхналогіі скайпа і іншых, аператары якіх не ўкладаюць ніводнага цэнта ў развіццё тэхналогій унутры рэспублікі», - заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей Папкоў у сераду на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша «Интерфакс».

Ён адзначыў, што выкарыстанне IP-тэлефаніі грамадзянамі, паводле розных ацэнак, прыводзіць да зніжэння на 10-15% даходаў аператараў стацыянарнай і сотавай тэлефоннай сувязі.

«Паводле ацэнак расейскіх аналітыкаў, 1% карыстальнікаў выкарыстоўвае 50% усіх шлюзаў. Гэта танкі, кіно спампаваць, а потым яшчэ і скрасці кантэнт, таму мы будзем сур'ёзна з гэтым пытаннем працаваць», - сказаў міністр.

«Мы будзем працаваць з урадам, каб у нейкай частцы гэтыя паслугі манетызаваць, каб гэтыя аператары дзяліліся сваімі даходамі. Таму ўсё павінна быць сумленна», - сказаў ён.

Апошнія навіны