BE RU EN

П'яная расейская чыноўніца спаліла шчанюка

  • 16.02.2015, 15:50

Суд прысудзіў яе да штрафу.

Суд прызнаў кіраўніцу Сазімскага сельскага селішча Кіраўскай вобласці Расеі Алену Касторную вінаватай у жорсткім абыходжанні з жывёлінай і аштрафаваў яе на 50 тысяч расейскіх рублёў (768 даляраў), піша БелТА.

Паводле звестак СКР асуджаная, вечарам 27 лістапада 2014 года, у нецвярозым стане зайшла ў кацельню. Насустрач жанчыне выбег маленькі шчанюк і пачаў брахаць. Чыноўніца запатрабавала прыбраць сабаку з памяшкання, аднак яе загад не быў выкананы. Тады кіраўніца паселішча схапіла шчанюка і кінула яго ў топку. Са слоў качагара, жывёліна згарэла імгненна. Пры гэтым Касторная прыстрашыла, што наступным разам у агонь адправяцца рабочыя.

Жыхары вобласці, даведаўшыся з СМІ пра ўчынак Алены Касторнай, звярнуліся ў пракуратуру з патрабаваннем прыцягнуць чыноўніцу да крымінальнай адказнасці. У інтэрнэце такую ініцыятыву падтрымалі каля 9 тысяч чалавек. Яшчэ больш за тысячу чалавек патрабавалі пазбавіць жанчыну пасады. Аднак у выніку чыноўніца адкараскалася толькі штрафам, а сваю пасаду захавала.

Дарэчы, у Беларусі ў канцы студзеня 2015 увайшоў у дзеянне артыкул 339-1 Крымінальнага кодэкса РБ "Аб жорсткім абыходжанні з жывёламі". Калі раней садыстаў штрафавалі, то цяпер могуць адправіць за краты тэрмінам да аднаго года.

Апошнія навіны