BE RU EN

Шахцёры ў Сілезіі прыпынілі страйк

  • 16.02.2015, 15:08

Шахцёры з Jastrzębskiej Spółki Węglowej (JSW) вярнуліся на працу пасля пратэстаў, якія доўжыліся з 28 студзеня.

Гэта стала магчымым дзякуючы дамове, якая была ўкладзеная паміж прафзвязамі і праўленнем кампаніі ў пятніцу ўвечары, піша «Puls Biznesu».

Цягам акцыі пратэсту ў шахтах была спыненая здабыча вугалю. Цяпер шахцёрам у выходныя дні трэба адпрацаваць фінансавыя страты, якія ўзніклі ў выніку забастоўкі.

Інфармацыю аб аднаўленні работы ў шахтах паведамілі прэс-сакратарка JSW Катажына Яблоньска-Баер і прафзвязы.

- Пачалася праца на ўсіх шахтах. Няма сігналаў аб нейкіх цяжкасцях - сказаў прэс-сакратар прафзвязаў JSW Пётр Шэрэда.

Пагадненне паміж праўленнем кампаніі і прафзвязамі было падпісанае ў пятніцу ўвечары пасля перамоваў і кансультацый, якія доўжыліся больш за суткі. Прадстаўнікі прафзвязаў падкрэсліваюць, што яны не спынілі страйк, а толькі яго прыпынілі, і калі дырэктар JSW Яраслаў Загуроўскі не падасць у адстаўку да аўторка, як заяўляў у пятніцу, пратэсты зноў пачнуцца.

Шэрэда дадаў, што не ўсіх шахцёраў лёгка было пераканаць прыпыніць пратэсты да адстаўкі чыноўніка.

- Шахцёры не давяраюць дырэктару, які адказвае за цяперашнюю сітуацыю фірмы. Для яго няма месца ў JSW - заявіў Шэрэда.

Паводле дамовы, кампанія павінна зэканоміць 280-300 мільёнаў злотых. Бакі прыйшлі да кампрамісу ў многіх пытаннях. Адзін з іх датычыцца 14 заробку. Яго выплата будзе залежаць ад фінансавай сітуацыі фірмы.

Пратэсты ў шахтах JSW пачаліся пасля абвяшчэння праўленнем кампаніі эканомнага плана. З таго моманту ў кампаніі была спыненая здабыча вугалю. Дырэктар JSW заявіў у пятніцу, што кампанія ў далейшым будзе патрабаваць ад лідараў прафзвязаў кампенсацыі за незаконны, на ягоную думку, страйк. Паводле ацэнкі праўлення, за кожны дзень пратэстаў кампанія губляла 27 мільёнаў злотых.

Апошнія навіны