BE RU EN

Па Гародні ездзіць унікальны 10-мэтровы лімузін BMW E66

  • 15.02.2015, 17:27

Унікальны 10-мэтровы лімузін BMW E66 ездзіць па Гародні ўжо блізу паўгода.

Аднак пра яго гісторыю шырокай грамадскасці вядома няшмат. AutoGrodno.by распытаў уладальніка аб эксклюзіўным аўтамабілі.

- На сёння гэта адзіны такі лімузін не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы, - распавядае ягоны ўладальнік, дырэктар вясельнага агенцтва Андрэй Сабуць. - Самаход быў выраблены на маю індывідуальную замову ў Санкт-Пецярбургу на базе 7-й мадэлі BMW. Кожная дэталь, кожная сістэма, дэкор, асвятленне, акустыка - усё тут мною прадумана і зроблена паводле апошняга слова тэхнікі, паводле індывідуальнай распрацоўкі і аналагаў не мае. Год пабудовы - 2014.

Лімузін вагой 3 з лішкам тоны рухае арыгінальны 4,4 л рухавік, які спажывае 25 л бензіну на 100 км. Дарэчы, да пераробкі выдатак складаў 15-17 л. Колькі каштаваў яго выраб уладальніку, на жаль, даведацца не выпала. Гэта камэрцыйная таямніца.

Лімузін абсталяваны люстраной светлавой столлю і падлогай з сістэмай 3D і клубным лазэрам. Наймагутная стэрэасістэма, якая падтрымлівае ўсе фарматы, а таксама караоке. Вялізныя панарамныя шыбы, дыска-ілюмінацыя ствараюць у салоне атмасфэру дыска-вечарыны ў кожны час дня. Салон, выкананы з чорнай і белай з чырвонымі ўстаўкамі скуры, бар. Галоўны цымус лімузіна - дадатковыя дзверы GullWing ці "крыло анёла", якія адчыняюцца ўгору.

Даўжыня BMW блізка што 10 мэтраў. Менавіта гэты памер, са слоў уладальніка, стварае масу праблем: і тэхнічнае абслугоўванне, і рамонт, і мыццё, і прыбіранне. Прыехаўшы ў Беларусь, лімузін прайшоў усе патрэбныя выпрабаванні ў БНТУ ў Менску і быў дапушчаны да руху па дарогах агульнага карыстання. "Там жа мы атрымалі і ўсе патрэбныя дакумэнты, таму цяпер самаход праходзіць тэхагляд нароўні з астатнімі. Аднак у Гародні толькі тры станцыі, боксы якіх дазваляюць без праблем праверыць лімузіны", - распавядае Андрэй.

Аўтамабіль развівае хуткасць да 200 км/г, але інструкцыя бяспекі патрабуе ў горадзе не перасягаць 50 км/г, а за горадам - 70. Для кожнага пасажыра ў лімузіне ёсць пас бяспекі.

Апошнія навіны