BE RU EN

Ангелу Мэркель хочуць вылучыць на Нобелеўскую прэмію міру

  • 15.02.2015, 15:49

Вылучыць канцлерку ФРГ Ангелу Мэркель на Нобелеўскую прэмію міру прапануюць яе калегі з Хрысціянска-дэмакратычнага звязу.

Як паведамляе AFP у нядзелю, 15 лютага, дэпутаты бундэстага ад ХДС Карл-Георг Вельман і Сільвія Панцялей у заслугу Мэркель ставяць яе пасярэдніцкія намаганні ў пераадоленні ўкраінскага крызісу, паведамляе Расейская служба DW.

Вынікі, якіх дасягнула Мэркель сумесна з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам падчас перамоваў "нармандскай чацвёркі" ў Менску, можна назваць "грандыёзнымі", мяркуе Вельман, які ўзначальвае нямецка-ўкраінскую парламенцкую групу ў бундэстагу.

Парламентарый заўважыў, што пакуль незразумела, ці ўтрымаецца замірэнне ў Данбасе. "Але калі ўтрымаецца, уручэнне Нобелеўскай прэміі Мэркель стане лагічным крокам", - дадаў Вельман. "Там, дзе іншыя еўрапейскія палітыкі спрабуюць сутыкнуць еўрапейскія народы, Мэркель бачыць сваёй задачай аб'яднаць Еўропу", - мяркуе Сільвія Панцялей.

Згодна з правіламі Нобелеўскага камітэта парламентарыі, як і чальцы ўрадаў і міжнародных судоў, маюць права вылучыць кандыдата на атрыманне прэміі міру.

Апошнім разам грамадзянін Нямеччыны атрымліваў яе ў 1971 годзе, калі лаўрэатам стаў канцлер ФРГ Вілі Брандт. Прэмія міру яму была ўручаная за "паслабленне напружанасці паміж Усходам і Захадам".

Апошнія навіны